Сьмех скрозь сьлёзы
37- 14.04.2008, 11:47
Актывісты “Маладога Фронта” прымецілі самыя яскравыя выразы, думкі і ідэі, якія былі выказаны супрацоўнікамі Магілёўскага СОБРа падчас судоў над удзельнікамі акцыі 25 сакавіка 2008 года. Міліцыянты выступалі ў якасьці сьведак.
Міліцыянт Сяргеяў, 1976 г.р.
Адвакат: Як Вы вызначылі, што гэта было шэсьце?
Сяргеяў: Людзі ідуць насустрач. Натоўп. Шмат людзей.
Адвакат: Так што, людзі па горадзе ня могуць проста ісьці, у іх няма права на гэта?
Сяргеяў: Так у іх хусткі завязаныя. Навошта хаваць твар? Трэба спыніць.
Міліцыянт Раўцкі, 1986 г.р.
Адвакат: А Вы ведалі, што за акцыя ў Менску, якое сьвята людзі адзначаюць?
Раўцкі: Нейкая акцыя. Я ня ведаю. Паклікаў камандзір для адпрацоўкі.
Адвакат: Што Вы павінны былі рабіць?
Раўцкі: Аб'ект - наша задача.
Адвакат: А як Вы вызначаеце свой "аб'ект"?
Раўцкі: Арнамент. Павязка
Міліцыянт Рыбакоў, 1975 г.р.
Актывіст Маладога Фронту: А куды ж, у які бок мы ішлі? Вы павінны гэта ведаць, бо Вы кажаце, што мы з Вамі стаялі твар у твар?
Рыбакоў (крычыць ва ўвесь голас) : Які твар? Які твар? У мяне “ліцо”, а ня твар! Ня ведаю я ніякага твара.
Міліцыянт Таранаў:
Адвакат: Якія лозунгі забароненыя крычалі?
Таранаў: Ганьба! Жыве Беларусь! Свабоду Мілінкевічу!
Адвакат: Мілінкевіч на волі.
Таранаў: Ня ведаю…
Міліцыянт Сотнікаў, 1980 г.р.
Адвакат: Ну вось Вы гаворыце, што вось гэтая жанчына (1951 г.р.) ішла на вас, паводзіла сябе задзірліва, крычала, сьцяжком махала, менавіта яна з тысячнага натоўпу прыцягнула Вашу ўвагу. Як Вы яе затрымоўвалі?
Сотнікаў: Падышлі, вельмі ветліва папрасілі яе прайсьці з намі да аўтазака.
Адвакат: Ну і што яна не абуралася, не супрацівілася?
Сотников: Ды не. Яна пагадзілася.
Міліцыянт Новікаў, 1985 г.р.
Адвакат: Вы гаворыце, што сьцягі ўбачылі. А якія сьцягі, якога колеру?
Новікаў: Бела-блакітныя. Белыя!
Адвакат: Якія фразы выкрыквала гэтая жанчына (1951 г.р.)?
Новікаў: Выкрыквала “антиполитические” фразы. Прымушала грамадзян прайсці да пл. Я. Коласа.
Адвакат: Прымушала? Якім чынам? За рукавы цягнула або як?
Новікаў: Не. Выкрыквала.