Беларускі прадпрымальнік атрымаў палітычны прытулак у Польшчы
- 14.04.2008, 17:41
Беларускі прадпрымальнік Ануфрый Рамановіч не будзе выдадзены Беларусі. Паводле рашэння Акружнога суда Беластока, экстрадыцыя беларуса з’яўляецца юрыдычна недапушчальнай.
Сярод довадаў у гэтай справе быў ліст лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, у якім сцвярджаецца што Рамановіч з’яўляецца яго паплечнікам і даўно супрацоўнічае з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Такім чынам, застаўся незадаволеным запыт афіцыйнага Менску аб экстрадыцыі Ануфрыя Рамановіча, якога ў Беларусі абвінавачваюць у крымінальным злачынстве — нявыплаце падаткаў. Рашэннем суда Рамановіч таксама вызвалены з арышту, у якім быў больш за месяц.
Ануфрый Рамановіч быў затрыманы напачатку сакавіка ў Беластоку на падставе арыштнага ордэру з Беларусі. Перад выездам з Беларусі ён быў прадпрымальнікам і дапамагаў Фонду імя Льва Сапегі ў Віцебску. На ягоным прадпрыемстве працаваў палітвязень Павал Севярынец.
Праблемы ў прадпрымальніка пачаліся ў 2000 годзе, калі ён вырашыў балатавацца на парламенцкіх выбарах. З таго часу пачаліся ператрусы ў ягонай кватэры, а фірма пастаянна знаходзілася пад ціскам кантрольных органаў.