У Беларусь сталі ўвозіць менш іншамарак
11- 12.05.2008, 13:08
У Беларусі скараціўся імпарт легкавых аўтамабіляў. Ці варта ўгледжваць у гэтым нейкую негатыўную тэндэнцыю?
Па дадзеных Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі, у першым квартале сёлетняга года ў краіну было ўвезена крыху больш за 32 тыс. легкавых аўтамабліляў. Гэта амаль на 20% меней, чым у студзені-сакавіку 2007 года. Тады было ўвезена каля 40 тыс. іншамарак. Разам з тым, агульны кошт увезеных аўтамабіляў за тры месяцы бягучага года склаў амаль 227 млн. даляраў, што на 9 млн. даляраў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Большая частка аўтамабіляў была ўвезеная з Германіі і Францыі, перадае «Нямецкая хваля».
Прагнозы
Такая статыстыка можа сведчыць аб тым, што беларусы сталі больш набываць дарагіх іншамарак. Атрымоўваецца, што калі яны становяцца перад выбарам паміж колькасцю і якасцю, то выбіраюць якасць. Тым больш, што аўтадылеры прагназавалі вельмі істотны рост продажаў новых замежных малалітражак.
Як раней адзначаў у інтэрв’ю DW-RADIO дырэктар адной з беларускіх аўтамабільных кампаніяў Аляксандр Скалубовіч, "у 2007 годзе рост склаў 76%, да студзеня 2007 года - 26%. Але заўсёды пачатак года крыху стагнуе, па-першае, з-за святаў. Рост рынку агульны, мы прагназавалі, будавалі замовы свае з росту парадку 40-45%. Рэальна як хто далей пойдзе, шчыра кажучы, сказаць цяжка". Аб нейкім спадзе ў продажах новых аўтамабіляў гаворкі пры пражэктах на 2008 год не ішло, да і зараз не ідзе.
Прычыны
Па словах памочніка генеральнага дырэктара холдынгу "Атлант-М" Іллі Прохарава, "судзячы па тым, як хутка пусцеюць склады дылераў, яўнага спаду няма. Увогуле няма. Таму што попыт на машыны зараз перавышае прапанову".
Што жа датычна мытнай статыстыкі, то, на погляд Іллі Прохарава, па ёй надта складана судзіць аб прычынах паніжэння ўвозу аўтамабіляў у Беларусь. "Магчыма, ідзе пераразмеркаванне рынку. Можа быць, народ перасаджваецца на новыя аўтамабілі, таму, адпаведна, попыт на "бэушныя" падае. А можа гэта звязана з абмежаваннямі, якія дзяржава ў адносінах перагоншчыкаў зрабіла".
Нагадаем, што восенню мінулага года ўступіў у сілу прэзідэнцкі ўказ, згодна якому ўвоз двух ці больш транспартных сродкаў на працягу каляндарнага года прызнаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Адразу ж пасля выхаду гэтага дакумента перагоншчыкі пачалі прадракаць паніжэнне ўвозу патрыманых машынаў.