Аляхно ўвайшоў у тройку найгоршых
16- 26.05.2008, 9:34
Прадстаўнік Беларусі на конкурсе "Еўрабачанне-2008" у Белградзе Руслан Аляхно заняў 17-е месца сярод 19 удзельнікаў другога паўфіналу 22 траўня.
Такія звесткі апублікаваў аргкамітэт конкурсу па сканчэнні фінальнага канцэрту. Горш выступілі толькі выканаўцы з Чэхіі і Вугоршчыны.
Аляхно з кампазіцыяй Hasta la Vista атрымаў 27 балаў, у тым ліку 10 - ад Украіны (другое месца), 6 - ад Літвы (пятае), 5 - ад Латвіі (шостае), 4 - ад Грузіі (сёмае), 2 - ад Кіпра (дзевятае). У астатніх 15 краінах беларус не ўвайшоў у дзясятку найлепшых і балаў не атрымаў.
У сваю чаргу беларускія гледачы паставілі на першае месца Украіну (12 балаў), якая ў выніку стала пераможцай другога паўфіналу (152 балы). На другой пазіцыі - Грузія (10), на трэцяй - Партугалія (8). Далей ідуць Харватыя (7), Латвія (6), Албанія (5), Данія (4), Турцыя (3), Балгарыя (2) і Ісландыя (1).
У фінале перамогу здабыў Дзіма Білан (Расея), набраўшы 272 балы. Беларускія гледачы таксама прызналі яго найлепшым. У першую дзесятку ўвайшлі Украіна (230 балаў), Грэцыя (218), Арменія (199), Нарвегія (182), Сербія (160), Турцыя (138), Азербайджан (132), Ізраіль (124) і Боснія і Герцагавіна (110).
У 2007 годзе на конкурсе "Еўрабачанне" у Фінляндыі прадстаўнік Беларусі Зміцер Калдун заняў шостае месца ў фінале.