Лукашэнка хоча зарабіць на нафце і газе
6- 26.05.2008, 9:44
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўнікам урадаў краінаў – удзельніц СНД пусціць Беларусь да здабычы, перапрацоўкі і транспартоўкі нафты і газу.
Перадусім просьба Лукашэнкі датычыла Расеі, якая з'яўляецца найбуйным экспарцёрам вуглевадародаў у Садружнасці. Эксперты лічаць, што ў беларускага рэжыму практычна няма шанцаў быль дапушчаным да газанафтавага "пірага", бо для гэтага ў яго няма ані тэхналогіяў, ані сродкаў.
У пятніцу, у часе адкрыцця ў Менску саміту СНД, Аляксандр Лукашэнка заклікаў кіраўнікоў урадаў, у тым ліку прэм'ер-міністра РФ, старшыню партыі "Адзіная Расея" Уладзіміра Пуціна, далучыць Беларусь да прыбытковых праектаў у сферы здабычы і транспартоўкі нафты і газу.
Цяпер па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у еўрапейскія краіны ідзе значная частка энерганосьбітаў, экспартаваных Расеяй. "Важным элементам узаемавыгаднага выкарыстання транспартнага патэнцыялу з'яўляецца нарошчванне транспартоўкі энергарэсурсаў", - цытуе Reuters словы Аляксандра Лукашэнкі.
У той самы час Лукашэнку засмучае факт, што ён атрымлівае ад транспартоўкі нафты і газу менш, чым яму хацелася б.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, беларускія ўлады таксама маюць права ўдзельнічаць у дзяльбе нафтагазавага "пірага". "Беларусь паважліва ставіцца да нацыянальных інтарэсаў краінаў - экспарцёрак энергарэсурсаў, але вельмі разумнай была б арганізацыя сумеснай дзейнасці па здабычы, перапрацоўцы, транспартоўцы на знешнія рынкі газу, нафты і электраэнергіі", - сказаў ён у выступе перад прэм'ер-міністрамі.
Адначасова беларускі кіраўнік выступіў з ідэяй стварыць транспартны калідор, які б яднаў асноўнага экспарцёра энергарэсурсаў, Расею, і галоўных спажыўцоў: Еўразвяз на захадзе і Кітай на ўсходзе. На думку Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь пры стварэнні гэтага калідора мусіць граць адну з асноўных роляў.
У першую чаргу заклік кіраўніка Беларусі быў скіраваны ў бок Расеі, якая з'яўляецца найбуйным у СНД экспарцёрам энергарэсурсаў.
У Лукашэнкі ўжо даўно з'явілася ідэя зарабіць на нафце і газе. Нагадаем, што Менск безвынікова спрабаваў у 2006 годзе рэзка ўзняць транзітныя кошты ў адказ на падаражэнне расейскіх вуглевадародаў. Шантаж не прайшоў, Беларусь стала плаціць па прызначаных ёй Расеяй коштах. А Аляксандр Лукашэнка змяніў танальнасць сваіх заяваў у адрас РФ - з пагрозліва-патрабавальнай на пакорліва-просьбітную.
З тых часоў улады Беларусі стала просяць дазволіць рэспубліцы здабываць нафту на расейскіх радовішчах. "Ад пазіцыі Расеі залежыць рэалізацыя нашых праектаў" - так абгрунтоўвае Аляксандр Лукашэнка гэтыя просьбы.
Эксперты лічаць, што спадзевам Лукашэнкі на долю газанафтавага "пірага" наўрад ці дадзена спраўдзіцца. "Калі Беларусь гатова прапанаваць новыя тэхналогіі, інавацыйныя ідэі, інвестыцыі, то тады Расея, магчыма, і пусціла б яе на свае радовішчы", - патлумачыў газеце ВЗГЛЯД генеральны дырэктар агенцтва палітычных і эканамічных камунікацый Дзмітры Арлоў.
У гэты ж час, як лічыць эксперт, не падобна, што ў Беларусі ёсць што прапанаваць Расеі. "А калі Лукашэнка жадае ўвайсці ў нафтавы бізнэс без аніякіх выдаткаў, то гэтага ў яго не атрымаецца", - працягвае Арлоў.
Па ягоных звестках, цяпер многія сусветныя канцэрны, якія валодаюць сур'ёзнымі інвестыцыйнымі і тэхнічнымі магчымасцямі, хацелі б заняцца распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў, размешчаных на тэрыторыі Расеі. "І іх не надта пускаюць. Так што на шанцы Беларусі я гляджу скептычна", - рэзюмуе Дзмітры Арлоў.
У тое, што Лукашэнка з крыўды ўжо не на Еўропу (як абяцаў у нядаўнім інтэрв'ю), а на Расею, перакрые транзіт газу па тэрыторыі рэспублікі, Арлоў не верыць. Ён лічыць, што падобныя пагрозы з боку Аляксандра Лукашэнкі не больш чым пустыя словы.