Яшчэ адзін прысуд за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Эўропы
1- 26.05.2008, 10:25
Адзін зь лідэраў «Маладога Фронту» Зьміцер Хведарук завочна быў пакараны 10 суткамі арышту за ўдзел у акцыі ў Дзень Эўропы 1 траўня. Акрамя гэтага, за быццам бы супраціў міліцыі падчас затрыманьня ён будзе вымушаны заплаціць 30 базавых велічынь штрафу.
Суд на Зьмітром Хведаруком адбыўся завочна 12 траўня, але паведамленьне пра прысуд актывіст атрымаў толькі праз 11 дзён.
“Такім чынам, мне нават не пакінулі часу на абскарджваньне незаконнага прысуду, - заявіў Зьміцер прэс-службе «МФ». – Цікава, што ў судовай пастанове гаворыцца, што я быццам бы атрымліваў позву ў суд і нават падпісаўся пад гэтай позвай. Але я, як і іншыя ўдзельнікі акцыі 1 траўня, ніякіх позваў у суд не атрымліваў і падпісвацца нідзе ня мог. Гэта хлусьня”.
Зьмітра Хведарука абвінавацілі ў тым, што ён “стаяў каля бібліятэкі з сінім сьцягам з жоўтымі зоркамі, чым заклікаў грамадзян далучыцца да Эўразьвязу”. У пратаколе аб “супраціве” міліцыянтам адзначаецца, што “калі супрацоўнікі міліцыі падышлі да Зьмітра Хведарука, ён адразу ўпаў на зямлю, пасьля чаго яны проста былі вымушаны ўжыць фізычную сілу”.
Нагадаем, падчас сьвяткаваньня Дня Эўропы ля Нацыянальнай бібліятэкі актывісты кампаніі “Эўрапейская Беларусь” узьнялі сьцягі Эўразьвязу, пасьля чаго яны (каля 30 чалавек) былі затрыманы супрацоўнікамі АМАПу, пры затрыманьні міліцыянты выхоплівалі сьцягі, ламалі дрэўкі, шмат каго зьбівалі.
У Першамайскім РАЎСе на моладзевых лідэраў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Зьмітра Хведарука, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Сергійца склалі пратаколы за “парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў”. Амаль усе маладзёны былі завочна пакараны арыштам на 7 сутак.
Раней адзін з арганізатараў акцыі адзін з лідэраў “Еўрапейскай Беларусі” Мікола Статкевіч адбыў за акцыю ля Нацыянальнай бібліятэкі 15-суткавае пакараньне.
“Радыё Свабода” зазначае, што заканадаўчыя нормы забараняюць завочна выносіць прысуды паводле артыкулаў закону аб масавых мерапрыемствах, калі абвінавачанага нават не запрашаюць прыйсьці ў суд.