За «камуналку» можна разлічыцца натурай
2- 26.05.2008, 11:52
Звычайна Жэсы даюць рады з няплатнікамі проста - адключаюць камунальныя паслугі. Але, як даведалася "Еўрарадыё", вінаваўцу могуць і працаўладкаваць у ЖЭС дворнікам. Высвятляецца, гэта звычайная практыка.
Як распавяла бухгалтарка Менскага ЖЭС №22, няплатніку прапануюць ісці працаваць дворнікам. Але найперш яму трэба напісаць заяву, што ён абяцае не піць. "Вінаваўца не працуе. З гэтай прычыны і не плаціць. Мы прапануем ісці працаваць да нас. Толькі ён мусіць напісаць заяву, што калі будзе піць, то мы яго адразу ж звальняем. Ну, і некалькі месяцаў трымаем, пакуль ён не загасіць пазыку. Калі нармалёва працуе, то і працуе далей".
У Жэсе №22 такіх вінаваўцаў чатыры чалавекі. Некаторыя засталіся працаваць і пасля выплаты абавязку. Пазыку ў працаўнікоў-вінаваўцаў адымаюць з заробку. І нават пасля таго, як яны ўжо аддалі пазыку.
"Адна працаўніца ў нас ужо 5 ці 6 гадоў працуе, яна напісала заяву, і я кожны месяц кватэрную плату ў яе вылічваю, а ёй і галава не баліць", - кажа бухгалтар.
Ну, а ў цэлым Жэсы з няплатнікамі змагаюцца звычайна, - адключаюць электрычнасць.