9 чэрвеня 2026, aўторак, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тысячы замежнікаў пакінулі ПАР: іх гвалтам выганяюць мясцовыя жыхары

3

Два тыдні пагромаў і тэрору вымусілі афрыканскіх імігрантаў тысячамі пакідаць Паўднёвую Афрыку. На радзіму вярнуліся больш за 26 тысяч мазамбікцаў, якія больш за іншых пацярпелі ад пагромаў у трушчобах вакол паўднёваафрыканскіх мегаполісаў.

Нагадаем, напярэдадні стала вядома пра паўсотню загінулых і 17 тысяч уцекачоў з-за нападаў.

Па звестках дырэктара Нацыянальнага ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Мазамбіка Жоаў Рыбейру, урад гэтай краіны чакае, што плыня уцекачоў з ПАР будзе толькі нарастаць, паведамляе NEWSru.com. У Мазамбіку створаны тры транзітныя цэнтры для іх прыёму і дапамогі. Урад дае бясплатны транспарт ахвочым пакінуць ПАР.

Да мазамбікцаў далучаюцца угандыйцы - каля 50 грамадзян Уганды выказалі намер пакінуць ПАР.

Прэзідэнт ПАР Таба Мбекі назваў праявы ксенафобіі ў краіне "суцэльнай ганьбай" і супрацьлегласцю дасягненням пасля перамогі над апартэідам.

У панядзелак, у выступе па нацыянальным тэлебачанні, ён заклікаў ПАР вярнуцца да ідэалаў афрыканскага адзінства: "Гэтае адзінства значыць, што ў сваёй уласнай краіне мы мусім працягваць жыць разам з нашымі братамі і сёстрамі як добрыя суседзі".

Па словах прэзідэнта, ПАР адзначае ў панядзелак Дзень Афрыкі з "паніклай галавой". "Ганебныя дзеянні некаторых заплямілі імя Паўднёвай Афрыкі злачынствамі супраць нашых афрыканскіх братоў і сясцёр, а таксама супраць іншых замежнікаў, асабліва з Азіі", - адзначыў Таба Мбекі.

Мбекі запэўніў, што ўлады ПАР зробяць усё, каб запатрабаваць адказ з усіх вінаватых у пагромах.

Цяперашні ўздым гвалту пераважна звязаны з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі. Апошнім часам адчувальна скокнулі ўверх кошты на паўсядзёныя тавары, прадукты і паліва, а таксама на тарыфы электраэнергіі. Беспрацоўе склала пад 40% адзначае "Незалежная газета". Усё гэта прывяло да спробаў натоўпу "пакараць" выхадцаў з Зімбабвэ, Мазамбіка, Нігерыі з той падставы, што яны займаюць працоўныя месцы, прызначаныя для паўднёваафрыканцаў.

Цяпер у ПАР знаходзіцца больш за 5 млн. замежнікаў. Гэта пры агульнай колькасці насельніцтва ў 50 млн. чалавек. Дзве траціны мігрантаў прыйшлі з Зімбабвэ, дзе апошнімі гадамі квітнеюць голад і галеча, а ў апошнія месяцы яшчэ і амаль легальны гвалт: кулакамі сваіх жаўнераў прэзідэнт Роберт Мугабе "угаворвае" народ пакінуць яго яшчэ на адзін тэрмін кіравання.

На наступным месцы ў спісе ахвяраў нападаў стаяць мазамбікцы. У мінулы чацвер урад Мазамбіка абвясціў надзвычайнае становішча ў краіне, каб тэрмінова прыняць назад з ПАР больш за 10 тысяч сваіх грамадзян.

Згаданая афіцыйная статыстыка злачынстваў супраць мігрантаў не адлюстроўвае ўсёй карціны буяння гвалту. Шмат з пацярпелых не паведамляюць пра напады, бо баяцца стаць ахвярамі… паліцыі. Людзі яшчэ памятаюць падзеі 1998 года, калі паўднёваафрыканскія ахоўнікі парадку спускалі сабак на мазамбікскіх мігрантаў і на поўнай хадзе скідвалі замежнікаў з цягнікоў.

Улады ПАР са спазненнем - толькі пасля больш чым 40 ахвяраў - вырашылі скіраваць войска ў дапамогу паліцыі, якая спрабуе спыніць пагромы. Перад тым ратавалі сябе самі - хаваліся ў паліцэйскіх участках, мячэцях і цэрквах. У краіну пачала прыходзіць міжнародная дапамога, так, ААН дала з 2 тысячы коўдраў і спальных дыванкоў, а міграцыйныя службы забяспечылі "госцяў краіны" трохразовым харчам.

Па словах Насівіве Мапісы-Нкакулы, якая ўзначальвае МУС ПАР, улады краіны не саступяць злачынцам і не звернуцца да дэпартацыі мігрантаў. Па яе словах, у Паўднёвай Афрыцы выдатна памятаюць, як суседнія дзяржавы дапамаглі ім у перыяд апартэіду, даўшы прытулак шматлікім паўднёваафрыканцам. "Акрамя таго, не трэба забываць, што ПАР была пабудавана рукамі прыбыльцаў", - дадала яна.

Большасць пацярпелых з Аляксандры сцвярджаюць, што пагромы чыніла банда, удзельнікі якой кажуць на зулу. У краіне іх пад 11 млн., гэта найшматлікая этнічная група. Сіпхамандла Зондзі, праграмны дырэктар Інстытута глабальнага дыялогу, лічыць, што менавіта выхадцы з племя зулу ініцыююць гэтыя напады. Для іх важнае нават "адценне чарноцця" - занадта цёмная скура лічыцца прыкметай чужынца.

Цяперашнія падзеі шкодзяць рэпутацыі краіны-гаспадыні чэмпіянату свету па футболе 2010 года. Відавочна, што "афрыканскую Амерыку", так часам завуць ПАР як самую развітую краіну рэгіёна, чакаюць праблемы ў турыстычным сектары, які дае пад 8% ад валавога ўнутранага прадукта і ў якім занята больш за 1 млн. чалавек.

Фота yahoo.com

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках