Суды заплюшчваюць вочы на парушэнні міліцыянтаў
2- 26.05.2008, 14:57
22 мая судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу групы рэгіянальных актывістаў руху "За Свабоду" на рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста, у якой яны абскардзілі неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Скарга пакінутая без задавальнення.
Як распавёў праваабаронца Раман Кісляк, актывісты Дзяніс Турчаняк, Інга Абрамава, Жанна Абрамава і Сяргей Вакуленка лічаць, што ім было адмоўлена ў правасуддзі як у судзе Ленінскага раёна горада Брэста, так і ў Брэсцкім абласным судзе. Па іхным меркаванні, дзеянні, якія былі прадпрынятыя ў іх стаўленні супрацоўнікамі міліцыі, неправамерныя і ўшчамляюць іх грамадзянскія правы. Пасля атрымання тэксту азначэння абласнога суду яны маюць намер адстойваць сваю пазіцыю ў Камітэце ААН па правах чалавека.
Сутнасць скаргі актывістаў у першую судовую інстанцыю ў тым, што 13 снежня 2007 года яны прыйшлі ў суд Ленінскага раёна Брэста з намерам прысутнічаць на судовым разглядзе па адміністрацыйнай справе свайго знаёмага актывіста руху «За Свабоду» Андрэя Шарэнды, якое афіцыйна лічылася адкрытым. Дарогу ў залу судовых паседжанняў заступілі тры супрацоўніка міліцыі і запатрабавалі выдаліцца (і выдалілі з будынка суда) актывістаў і людзей, што знаходзіліся там з той жа мэтай. На працягу ўсяго судовага разгляду ў будынак суда яны нікога не ўпускалі.
"Такія дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, лічаць актывісты, з'яўляюцца парушэннем іх права на атрыманне інфармацыі, прадугледжанага артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У Камітэт ААН па правах чалавека актывісты маюць намер прадставіць індывідуальнае паведамленне як аб парушэнні права на атрыманне інфармацыі (артыкул 19 Пакта), так і аб адмове ім у правасуддзі, што ў сваю чаргу парушае артыкул 14 Пакта", — дадаў праваабаронца.