Беларусь прапанавала будаваць АЭС Расеі, Францыі і ЗША
4- 27.05.2008, 8:27
Беларусь скіравала прапановы Расеі, Францыі, ЗША па ўдзеле ў будаўніцтве АЭС. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік дырэктара РУП "БелНІПІэнэргапрам" (генеральны праектоўца па стварэнні АЭС у Беларусі) Уладзімір Баброў.
"Мінэнерга" падрыхтавала і даслала запрашэнні зацікаўленым бакам - кампаніям з Расеі, Францыі, ЗША - пацвердзіць магчымасць іх удзелу ў міжнародным конкурсе, які плануецца абвясціць у Беларусі для будаўніцтва АЭС", - сказаў Уладзімір Баброў. Па ягоных словах, чакаецца, што адказ ад кампаній - патэнцыйных партнёраў паступіць на працягу месяца.
Уладзімір Баброў патлумачыў, што цяпер у свеце расце колькасць замоваў на будаўніцтва АЭС, і неабходна вывучыць магчымасці асноўных пастаўшчыкоў па ўдзеле ў міжнародным тэндэры ў Беларусі. Так, запрашэнні дасланы расейскай кампаніі "Атамстройэкспарт", амерыкана-японскай "Вэстынгаўз-Тошыба", французскай "Арэва".
"Патэнцыйныя пастаўшчыкі адлюструюць магчымасці свайго ўдзелу ў конкурсе, а таксама ўмовы з улікам тэрмінаў увядзення АЭС", - патлумачыў намеснік дырэктара РУП "БелНІПІэнэргапрам". Па ягоных словах, гэтыя звесткі будуць улічаны таксама пры выкананні абгрунтавання інвестыцыяў для будаўніцтва АЭС.
Як адзначыў дырэктар РУП "БелНІПІэнэргапрам" Андрэй Рыкаў, тэндэр на будаўніцтва АЭС пакуль не абвешчаны, бо для гэтага яшчэ неабходна прайсці пэўныя працэдуры. Але, безумоўна, выбар пастаўшчыка абсталявання для АЭС будзе здзяйсняцца на конкурснай аснове.
Як паведаміў акадэмік Нацыянальнай акадэміі навукі Беларусі Аляксандр Міхалевіч, Беларусь мае намер выбіраць праект будаўніцтва АЭС пад ключ.
Ён адзначыў, што пры выбары пастаўшчыка рэактарнай усталёўкі могуць быць розныя падыходы. Так, можа быць вызначаны генеральны пастаўшчык, які будзе адказваць за ўвесь комплекс абсталявання, за наладку і бяспеку эксплуатацыі. Другі варыянт - асобнае абсталяванне (рэактар, турбіны, аўтаматыка і інш.) замаўляецца ў розных кампаніях. Па словах Аляксандра Міхалевіча, другім варыянтам могуць скарыстацца краіны з досведам у ядзернай энергетыцы. "Беларусь жа будзе зыходзіць з прынцыпу будаўніцтва пад ключ", - падкрэсліў ён.
Акадэмік адзначыў, што Беларусь - гэта краіна, найбольш адчувальная да пытанняў бяспекі ядзернай энергетыкі, яна будзе выбіраць найбольш надзейныя і бяспечныя тэхналогіі. Таму для замежных кампаній удзел у тэндэры на будаўніцтва АЭС у Беларусі стане надзвычай добрай рэкламай, лічыць ён. Асноўныя пастаўшчыкі мусяць пазмагацца за права будаваць беларускую АЭС, дадаў Аляксандр Міхалевіч.