Літоўскі суд пакінуў пад вартай савецкага амапаўца
2- 27.05.2008, 11:07
Суд Вільнюса задаволіў просьбу пракуратуры аб падаўжэнні папярэдняга зняволення для былога байца савецкага АМАПу Канстанціна Нікуліна (Міхайлава).
Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс". Нікулін, якога вінавацяць у дачыненні да забойстваў літоўскіх памежнікаў у 1991 годзе, пакінуты пад вартай яшчэ на два месяцы.
Былы амапавец быў затрыманы ў Рызе ў лістападзе 2007 года. Разгледзеўшы яго справу, Вярхоўны суд Латвіі вырашыў выдаць яго праваахоўным органам Літвы.
Як паведамлялі СМІ, Канстанцін Нікулін змяніў прозвішча на Міхайлаў у сувязі з тым, што выступаў сведкам па справе аб забойстве кіраўніка падатковага ўпраўлення Лудзенского раёна Латвіі. У адпаведнасці з яго статусам, сілавыя структуры забяспечылі яму праўную абарону і выдалі новыя дакументы.
Сам ён сцвярджае, што за ўсё жыццё не забіў аніводнага чалавека і іншых злачынстваў таксама не чыніў.
Увесну-улетку 1991 года, пасля таго як Вярхоўная рада Літвы абвясціла яе незалежнасць ад СССР, і да таго як яе суверэнітэт быў прызнаны міжнароднай супольнасцю, адбылася серыя нападаў на памежныя пасты рэспублікі. Пагромам, у якіх удзельнічалі байцы рыжскага і віленскага АМАПу СССР, зведалі і пасты суседняй Латвіі.
Забойствы на прапускным пункце Мядзінінкай, да якіх, на думку літоўскай пракуратуры, мае дачыненне Канстанцін Нікулін, былі здзейснены ў ліпені 1991 года. Злачынцы застрэлілі сямёра памежнікаў і мытнікаў. Пракуратура Літвы лічыць, што трое іншых падазраваных у гэтым злачынстве хаваюцца ў Расеі.