9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падаходны падатак: новы паварот

7

Адзіная 12-адсоткавая стаўка падаходнага падатку ў Беларусі, хутчэй за ўсё, стане рэчаіснасцю. Менавіта на такім варыянце, як відаць з паведамленняў Міністэрства фінансаў і Міністэрства падаткаў і збораў, вырашылі спыніцца распрацоўнікі рэформы падаходнага падатку.

Наконт розных планаў увядзення да 2-3 узроўняў стаўкі або "расцягванні" цяперашняй з павелічэннем скрайніх сумаў - у апошнія гады казалі і пісалі шмат. А вось варыянт "пляскатай" шкалы, г. зн. адзінай стаўкі, падаткавікі лічылі найменш прыдатным, нягледзячы на спасылкі іх апанентаў на расейскі досвед.

Пасля ўвядзення адзінай стаўкі ў 13% у нашых суседзяў сапраўды ўзнялася збіральнасць падаходнага падатку. Праўда, спецыялісты тлумачылі гэта не толькі тым, што прыбыткі грамадзян вышлі з ценю, але і агульным ростам прыбыткаў насельніцтва. Да таго ж, самі расейцы ўсё часцей пагаворваюць пра вяртанне да прагрэсіўнай шкалы, як гэта прынята ў большасці краінаў свету. Да гэтага заклікаюць прынцыпы сацыяльнай справядлівасці і міжнародныя арганізацыі, напрыклад МВФ.

Але мы не толькі звяртаемся да расейскага досведу, але і рушым далей, паколькі нашая стаўка будзе яшчэ ніжэй - 12%. Дарэчы, МПЗ не раз паведамляла, што амаль 90% беларусаў плацяць падаходны падатак па стаўцы 9%. А, па звестках Мінстата, сярэдняя стаўка падатковага збору ў грамадзян - 12,5%, хоць, вядома, некаторыя плацяць падатак і па верхніх стаўках.

Таму і прапануецца вызначыць адзіную стаўку падаходнага падатку памерам менавіта ў 12%. Мяркуецца, што пры гэтым інтарэсы дзяржаўнага скарбу не пацерпяць.

А вось адносна грамадзян, якія сёння выплачваюць падатак па стаўцы 9%, давядзецца ствараць нейкі кампенсацыйны механізм. Бо павелічэнне падатку на 3 адсоткавых пункты істотна адаб'ецца на кішэні небагатых беларусаў, тады як у выйгрышы апынуцца найбольш высокааплатныя грамадзяне.

Таму цяпер, як стала вядома "Экономической газете", у міністэрствах прапрацоўваюцца варыянты кампенсацыі паніжэння прыбыткаў з-за павелічэння мінімальнай стаўкі падатку. Прасцей за ўсё ўзняць не абкладаны падаткам мінімум з цяперашняй 1 базавай велічыні (плюс па 2 на непаўнагадовых дзяцей, калі такія ёсць) да бюджэту пражытковага мінімуму.

Зрэшты, змянення ставак падаходнага падатку недастаткова, каб вырашыць праблему легалізацыі прыбыткаў грамадзян і заробку ў "канвертах". Давядзецца разгледзець і рэфармаванне адлічэнняў у Фонд сацабароны, удасканаліць склад выдаткаў фізічных асобаў, адыманых з абкладанай базы, - на адукацыю, лячэнне і г.д.. Бо менавіта комплекс такіх мераў дазваляе некаторым краінам ужываць вельмі высокія стаўкі падаткаў. Праўда, у насельніцтва краінаў з развітой рынкавай эканомікай прыбыткі пакуль вышэй і традыцыі падатковай культуры іншыя.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках