У чарзе на атрыманне жытла стаіць 700 тысяч беларусаў
3- 27.05.2008, 12:33
Нягледзячы на штогадовы рост аб'ёмаў будаўніцтва, спіс асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, толькі расце.
Па стане на канец 2007 года на ўліку былі 717,5 тыс. грамадзян, паведамляе прэс-служба Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь.
Паводле інфармацыі Мінстата, 160,5 тыс. грамадзян, або 22% стаялі на ўліку 10 гадоў і болей, 149 тыс., або 21% пражывалі ў інтэрнатах, 19,3 тыс., або 3% пражывалі ў кватэрах, занятых некалькімі наймальнікамі, 2,2 тыс. грамадзян, або 0,3% пражывалі ў дамах, прызнаных непрыдатнымі для пражывання. З агульнай колькасці грамадзян, пазначаных у спісе асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, 337,5 тыс. маладых сем'яў (47%), 17,5 тыс. шматдзетных сем'яў (2,4%), 19,6 тыс. грамадзян з правам на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання (2,7%), перадае "Інтэрфакс".
У 2007 годзе атрымалі жытло і палепшылі жыллёвыя ўмовы 38,5 тыс. чалавек, або 6,2% ад колькасці грамадзян са спісу асобаў, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, сярод іх 14,5 тыс. маладых сем'яў, 4,1 тыс. шматдзетных сем'яў, 1,7 тыс. грамадзян з правам на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання. У той самы час колькасць тых, хто мае патрэбу за 2007 год узнялася на 94,4 тыс. чалавек.
Як паведамляе Мінстат, сярэдні час знаходжання сем'яў на ўліку асобаў, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, расце ўжо трэці год. Калі ў 2005 годзе гэты тэрмін складаў 18 гадоў, то ў 2006 - 18,3 гады, у 2007 - 18,6 гады. У 1990 годзе сярэдні час знаходжання сем'яў на ўліку асобаў, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, у цэлым па рэспубліцы складаў 7,5 гадоў... Пры гэтым найбольшыя праблемы з пасоўваннем чаргі назіраюцца ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу. У 2007 годзе паказнік сярэдняй працягласці знаходжання грамадзян на ўліку асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу склаў 24,5 гады, у то час як у вясковых населеных пунктах - 5 гадоў.