Улады рыхтуюць «карту беларуса»: вельмі патрэбны грошы
30- 30.05.2008, 8:25
У Беларусі распрацоўваецца закон "Аб суайчынніках", мэта якога -- заклікаць беларусаў з усяго свету інвеставацца ў эканоміку краіны.
Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця, у Менску намеснік упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Беларусі Уладзімір Ламека.
"Цяпер у Беларусі распрацоўваецца закон "Аб суайчынніках". Калі ладзіць паралелі, то гэта будзе нешта кшталту так званай "карты паляка", у якой няма нічога кепскага. У многіх краінах распрацоўваюцца такога кшталту законы, звернутыя на суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой", - сказаў У.Ламека.
Ён таксама падкрэсліў, што гэты закон не сталі называць "картай беларуса", бо пад паняцце "суайчыннікі" падпадае шмат карэнных нацыянальнасцяў, што жывуць у Беларусі, прадстаўнікі якіх, а іх 3,5 млн, на гэты момант з'яўляюцца грамадзянамі розных краінаў.
"Як вядома, асноўныя інвестыцыі ў эканоміку Кітая ўносяць былыя яго грамадзяне, якія жывуць у іншых дзяржавах. І мы так хочам", - сказаў У.Ламека.
Ён адзначыў, што закон "Аб суайчынніках" будзе значыць не толькі эканамічную падтрымку суайчыннікаў, але і будзе заклікаць да эканамічных інвестыцыяў у эканоміку краіны.