Беларускі студэнт падаражэў удвая з-за коштаў на газ
8- 30.05.2008, 9:01
Год навучання аднаго студэнта ў беларускіх вну ў сярэднім абыходзіцца ў 2 тысячы 113 даляраў, а з улікам стыпендыі і яшчэ некаторых выдаткаў і зусім цягне на 2900 даляраў.
Такія лічбы былі названы на апошняй калегіі Міністэрства адукацыі. Пры гэтым "сярэдні" студэнт-платнік выдаткуе на сваё навучанне ўсяго 1 тысячу 78 даляраў, піша "КП в Беларуси".
Атрымліваецца, што, па-першае, "дзяржаўныя" студэнты амаль удвая даражэй за тых, што навучаюцца за свой кошт. А па-другое, і сам "бюджэтнік" падаражэў амаль удвая - яшчэ гады тры таму Міністэрства адукацыі афіцыйна называла лічбу ў 1238 даляраў, якія бюджэт дае на аднаго студэнта.
- А чаго вы хочаце? У гэты кошт уваходзяць шматлікія выдаткі, у тым ліку і на энерганосьбіты, - патлумачылі "КП" ва ўпраўленні сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі.
Выходзіць, вучоба ў вну падаражэла з-за ўзнятых коштаў на газ. Але зараз і платнікаў вучыць нявыгадна? Не дзіўна, што яшчэ ўвосень намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук заяўляў, што ўзняць плату за навучанне ў вну даўно час. Але ці можа яна ўзрасці удвая? І якія сем'і пацягнуць такую вучобу?
- Значнага падаражэння не будзе, - супакоілі ў Міністэрстве адукацыі. - Бо мы мусім улічваць сацыяльны аспект.
- А нязначнае?
--Алата за вучобу ўвесь час падвышаецца - растуць зарплаты выкладчыкаў, іншыя выдаткі… Але ў межах інфляцыі.
Што такое мяжа інфляцыі і сёння ведае любая сям'я, дзе ёсць студэнт-платнік.