З-за пары лішніх шкарпэтак у Беларусь не пусцяць і замежнікаў
11- 30.05.2008, 9:27
Паводле распрацаваных Дзяржаўным мытным камітэтам "рэкамендацыяў", чалавека, які вязе на 1 адзінку тавару больш, чым дазволена, мытнікі могуць проста высадзіць з цягніка на нейтральнай тэрыторыі.
Што ён будзе далей рабіць, іх абсалютна не хвалюе. Тое ж датычыць і грамадзян іншых краінаў, што едуць праз Беларусь транзітам, у тым ліку, расейцаў, сцвярджае «Еўрарадыё».
Распрацаваныя мытнікамі "Метадычныя рэкамендацыі па вызначэнню прызначэння тавараў, перамяшчаных праз мяжу фізічнымі асобамі" на беларускай мытні пачалі дзейнічаць з 15 траўня. Адпаведна ім, адзін раз на два месяцы можна будзе правезці не больш за тры адзінкі аднаго наймення тавару і не больш за 10 найменняў. Адзін раз на месяц - тры адзінкі аднаго віду, але не больш, чым тры найменні.
Калі ж вы будзеце ездзіць за мяжу часцей, чым раз на тыдзень, то зможаце правезці толькі адну адзінку і толькі аднаго наймення тавараў. Мэта гэтых "рэкамендацыяў" - вызначыць і абмежаваць, колькі і чаго можна правозіць людзям праз мяжу. Прычым, з улікам таго, наколькі часта чалавек выязджае за мяжу, з улікам складу яго сям'і, месца працы ці яго адсутнасці, месца жыхарства, блізкасці месца жыхарства ад мяжы і іншых акалічнасцяў.
Што рабіць чалавеку, якога, напрыклад, польскія мытнікі прапусцілі праз сваю мяжу, праштампаваўшы пашпарт, а беларускія пускаць не жадаюць, матывуючы гэта перавышэннем колькасці дазволеных для ўвозу тавараў? Пра гэта распавяла супрацоўніца аддзела арганізацыі мытнага кантролю памежнага пераходу "Берасце".
"Гэта іх рэчы, яны з'яўляюцца ўласнікамі, і як яны будуць імі распараджацца -- гэта іх справа. Мы прымаем рашэнне, а ўсё астатняе нас не датычыць. У такіх сітуацыях, што яны будуць рабіць далей, мы не маем права даваць нейкія парады", -- паведаміла мытніца.
Як стала вядома Еўрарадыё, такія ж абмежаванні, як па вазе, так і па колькасці і асартыменту тавараў, увозных на тэрыторыю краіны, датычаць не толькі грамадзян Беларусі, але і замежнікаў. Нават тых, хто едзе праз Беларусь транзітам. Па словах супрацоўніцы аддзела арганізацыі мытнага кантролю, пашпарт грамадзяніна іншай краіны - не перашкода для таго, каб скарыстацца адносна яго "рэкамендацыі" мытнага камітэта Беларусі і прэзідэнцкага ўказу.
"Да ўсіх патрабаванні аднолькавыя. У нас дзейнічае ўказ прэзідэнта №503, і гэтым усё сказана", - супрацоўніца берасцейская мытні была нешматслоўная.