КДК знайшоў крымінал у НДІ фізкультуры
- 30.05.2008, 10:52
Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі вызначыў, што НДІ фізічнай культуры і спорту аказваў платныя медыцынскія паслугі без ліцэнзіі.
"Праверкай КДК было вызначана, што працяглы час НДІ фізкультуры і спорту аказваў платныя медыцынскія паслугі - біяхімічныя, гематалагічныя і імуналагічныя даследаванні - без ліцэнзіі", - паведамілі ў камітэце.
"Прыбытак, атрыманы ў выніку безліцэнзійнай дзейнасці, склаў Br 17,4 млн", - цытуе прадстаўніка дзяржкантролю "Інтэрфакс"..
Там таксама паінфармавалі, што пры праверцы "асобных пытанняў фінансава-гаспадарчай дзейнасці НДІ быў вызначаны шэраг парушэнняў і недахопаў. У прыватнасці, парушэнні коштавага заканадаўства, безліцэнзійная дзейнасць".
"Выяўлены таксама факты неэфектыўнага выкарыстання закупленага інстытутам абсталявання. Напрыклад, дагэтуль не эксплуатуюцца закуплены ў снежні 2007 гады за бюджэтныя сродкі комплекс для псіхалагічнага тэставання коштам Br 84,2 млн і электраміёграф коштам Br 32,8 млн", - адзначылі ў КДК.
"Матэрыялы праверкі перададзены ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў для прававой ацэнкі, разглядаецца пытанне аб прыцягненні НДІ да адміністрацыйнай адказнасці, міністэрству спорту і турызму прапанавана здзейсніць захады па ўхіленні выкрытых парушэнняў і прыцягненню вінаватых службовых асобаў да адказнасці", - паведамілі ў КДК.