«Дэпутат» Касцян: Мы былі як акупаваная краіна на «Еўрабачанні» (Відэа)
16- 30.05.2008, 16:08
30 мая на сумесным паседжанні двух палат «нацыянальнага сходу» Беларусі абмяркоўвалі вынікі ўдзелу Беларусі ў конкурсе «Еўрабачанне».
Намеснік міністра культуры Ўладзімір Грыдзюшка заявіў, што з бюджэта Міністэрства культуры на "Еўрабачанне-2008" не было выдаткавана ні капейкі.
Ён паведаміў, што "ўсё фінансаванне паступала ад беларускага тэлебачання".
У.Грыдзюшка адзначыў, што ў мінулым годзе з бюджэта Міністэрства культуры на "Еўрабачанне" было выдаткавана 130 млн. беларускіх рублёў.
Па словах намміністра, "пакуль не атрымаецца, каб наш чалавек прыехаў з вартым месцам".
«Дэпутат» Сяргей Касцян заявіў: "Калі мы пасылаем чалавека на "Еўрабачаннее", то кажам, што прапагандуем сваю культуру, мову, традыцыі. Але на самой справе мы нібыта акупаваная краіна і прадстаўляем песню на ангельскай мове". Па ягоных словах, беларускія выканаўцы на "Еўрабачанні" не толькі "нічога не паказалі", але і адмаўляюцца "прапагандаваць сваю нацыянальную культуру і музыку".