У Лукашэнкі няма будучыні
54
10:35, — Палітыка
Вярнуўшыся пасля турэмнага спаткання з бацькам, Вольга Казуліна пераказала адказ палітвязня на нядаўнія абразлівыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі падчас яго штогадовага паслання.
Аляксандр Казулін прысуджаны да 5,5 гадоў калоніі за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальшавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Прапануем тэкст ліста палітвязня:
"Я вельмі ўсцешыўся і запляскаў, калі пачуў выступ Лукашэнка. Ён у чарговы раз у парыве бурлівай шчырасці выдаў сябе з галавой. Я шматкроць падкрэсліваў, што прэзідэнт не можа апускацца да вульгарнасці, гэтыя словы - ніжэйшы бок яго ўнутранага стану.
Мне вельмі шкада Лукашэнку. Ды, і ўвогуле, бязбожніку казаць пра Бога - гэта вельмі моцна ўражвае. Лукашэнка сам выявіў свой страх перад хуткімі падзеямі і сам на ўвесь свет выявіў праграму дзеянняў для Захада і Амерыкі.
Адносна абразаў у мой бок – чаго крыўдаваць на чарговае вясновае абвастрэнне? Я і дзецям сказаў, навошта падаваць на яго ў суд. Хворым спачуваюць, іх шкадуюць...
Я ж не кажу, які ў нас прэзідэнт. Многія і так усё бачаць і разумеюць. Нажаль, ён так і не змог узняцца і стаць сучасным прэзідэнтам. У Беларусі народ выкарыстоўваюць, як туалетную паперу, не кажу ўжо пра Канстытуцыю і законы.
Што да майго вызвалення. Вызваленне мне ніхто не прапаноўваў. Спекуляцыя і нізкі гандаль пад выглядам клопату аб маёй смяротна хворай жонцы цалкам агалілі сутнасць Лукашэнкі. Гэта відавочна для многіх. Я чакаю выразных заяўваў і дзеянняў ад Нямеччыны, якая адыграла найтрагічную ролю ў тым, што адбылося. Я не жадаю ладзіць ніякіх паралеляў, але ў святле апошніх падзеяў адказнасць Нямеччыны як аднаго з лідэраў Еўразвяза надзвычай вялікая перад народам Беларусі і перад чалавецтвам. Цвёрды прагматызм альбо мараль і людскасць, духоўнасць - вось дзе знаходзіцца адказ на гэтае пытанне.
З нагоды апазіцыі. Лукашэнка вельмі добра абазнаны ў справах апазіцыі. Цалкам ясна, што з маім выйсцем ад выгаднай Лукашэнку апазіцыі нічога не застанецца. З'явіцца тое, чаго ён больш за ўсё баіцца, як ён сам прызнаўся ў сваім выступе.
Добра, вядома, мець апазіцыю ў асобе Гайдукевіча і падобных, якіх досыць шмат. Але не трэба забывацца, што разам з тым расце самасвядомасць народа.
Выступ Лукашэнкі з усёй яснасцю паказаў выразныя рысы шаленства сыходзячага свету. Ён апошнімі намаганнямі чапляецца за мінулае, спрабуючы выдаць яго за свае ўласныя дасягненні, але ў мінулага ўсе вартасці ў мінулым. У Лукашэнкі няма будучыні!"
Напісаць каментар (54)




