Дом пад Менскам каштуе, як віла на Кіпры
21- 8.05.2008, 12:08
Чаму жытло ў Беларусі і за мяжой каштуе аднолькава? У гэтым паспрабавалі разабрацца журналісты "КП в Беларуси".
Вядома, у які-небудзь закінутай вёсцы можна прыдбаць хатку за 10 - 20 тысяч, а то і танней. А вось даволі сціплы катэдж у 14-ці кіламетрах ад МКАД каля возера Вяча стане ў 260 тысяч даляраў. За такія грошы цалкам спакойна можна купіць вілу на беразе мора на Кіпры. У кошт уваходзіць цэнтральнае ацяпленне, басейн, кухонны гарнітур і поўны набор кухоннай бытавой тэхнікі, кандыцыянеры ў кожным пакоі, убудаваныя шафы ў кожнай спальні. Продажу дому пад Менскам хопіць нават на замак-сядзібу ў Чэхіі. Каштуе ён усяго 78 тысяч зялёных. Праўда, пабудова патрабуе рамонту.

Адкуль такія кошты?
Ёсць такі эканамічны закон: каб чалавек мог дазволіць сабе купіць кватэру небалюча для гаманца, сярэдні кошт метра мусіць супадаць з сярэднім заробкам. Год таму кошт "квадрата" у Менску быў больш за дзве тысячы даляраў, цяпер знізіўся да 1750. Але для большасці беларусаў і гэтая лічба недасяжная.

На пытанне "Чаму так дорага?" усе эксперты рынку нерухомасці і эканамісты ў адказ разам кажуць: кватэр не хапае. Да таго ж, менавіта ў нерухомасць укладаюць вольныя грошы тыя, у каго яны ёсць.
1. - Магчымасцяў абараніць свае зберажэнні ад інфляцыі ў беларусаў не так ужо і шмат, - лічыць эканаміст Яраслаў РАМАНЧУК. - Не ўсё вераць банкам. Фондавага рынку ў краіне няма, акцыі прыбытковых прадпрыемстваў купіць нельга. Застаецца нерухомасць - кватэра ў кожным разе нікуды не падзенецца.
Дарэчы, некаторыя беларусы ўжо пачалі ўкладаць грошыкі ў замежную нерухомасць. Прыдбаць кватэрку ў якім-небудзь турыстычным цэнтры ці ў суседняй Вільні часам нават танней. А калі жытло яшчэ і здаць у арэнду, дык і зусім прыбытковая справа.
2. На думку старшыні беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" Мікалая ПРАСТАЛУПАВА, на кошты ўплывае і яшчэ адна адметнасць нашага рынку: большасць тых, хто сёння прадае жытло, наўзамен шукае сабе кватэрку лепей. А калі ён скіне цэннік, не зразумела, адкуль узяць адсутную суму.
3. А нядаўна зноў падвысіўся кошт цэменту. І па прагнозах кватэры ў новабудоўлях стануць даражэй яшчэ на 6 - 8 адсоткаў. Значыць, аднапакаёвая будзе каштаваць не 110, а 116 - 118 тысяч даляраў.
Калі патаннее?
Кошты ўжо сталі падаць, але эксперты лічаць, што кардынальна сітуацыя не зменіцца.
- Таннеюць і працягнуць таннець бліжэйшым часам кватэры нізкай якасці - хрушчоўкі, кватэры ў аддаленых раёнах горада, - упэўнены дырэктар агенцтва нерухомасці "Твая сталіца" Уладзімір ДАВІДОВІЧ. - Яны і не мусілі так дорага каштаваць. Кошт на іх узняў шалёны попыт і адсутнасць прапановы. Элітнае жытло і кватэры ў новабудоўлях у кошце будуць расці і далей.
А як у іх?
Асноўная прычына дасягальнасці жытла ў Еўропе і Амерыцы - танныя іпатэчныя крэдыты. У Штатах, напрыклад, іх даюць пад 5 - 5,5% гадавых, у Англіі - пад 2%, а ў Японіі і ўвогуле пад 0,5%! У нас сярэднія стаўкі ў валюце - 13 - 15% гадавых і 16% у рублях.
Палічым
Уладальніку сярэдняй зарплаты ў Беларусі (за сакавік каля 375 "зялёных") на новую аднапакаёвую кватэру ў Менску давядзецца збіраць 24 гады. За добрую аднушку плошчай не менш за 50 квадратных метраў у новабудоўлі давядзецца выкласці каля 110 тысяч даляраў. Тут мы абагналі нават масквічоў - на такую ж кватэру ў расейскай сталіцы яны будуць збіраць 20 гадоў. А калі ўзяць такую ж кватэру ў Нью-Ёрку і тамтэйшы сярэдні заробак, то збіраць на яе амерыканец будзе ўсяго пяць гадоў.





