Бензінавая прага
22- 10.06.2008, 9:32
Сёння ў Беларусі падвышаны раздробныя кошты на аўтамабільнае паліва. Наступствы ад гэтага могуць адбіцца на ўсіх іншых беларускіх цэнніках.
Згодна з падпісаным ў канцэрне "Белнафтахім" загадам, зацверджаны новыя гуртовыя і раздробныя кошты на нафтапрадукты. У выніку зараз кошт бензіну А-76 (Н-80) складзе 1760 рублёў за 1 літр (+90 руб.), бензіну АІ-92 - 2230 рублёў (+110 руб.), бензіну АІ-95 - 2540 рублёў (+120 руб.), дызпаліва - 1940 рублёў (+250 руб.), піша «Ежедневник».
Такі рост, несумнеўна, істотна адаб'ецца на коштах пасажырскіх і грузаперавозак, аднак выдаткі будуць уключаны ў кошт тавараў і паслугаў, так што дадатковы кошт давядзецца кампенсаваць шараговым спажыўцам. Разам з тым трэба прызнаць, што, вельмі падобныя з расейскімі, беларускія тарыфы на паліва значна танней, чым у іншых краінах.
Так, ва Украіне кошт бензіну на запраўках вагаецца ад 1,2 даляра за А-76 (Н-80) да 1,4 даляра за А-95 і дызпаліва. У краінах Балтыі цэннікі на салярку набліжаюцца да 2 даляраў, а кошты на А-95 спрабуюць іх дагнаць. У Заходняй Еўропе тарыфы на аўтапаліва яшчэ вышэй. У Нямеччыне і Францыі бензін А-95 каштуе больш чым 2 даляры. Аднак найдаражэйшы бензін у свеце прадаецца ў нафтаздабываючых краінах - Нарвегіі, Вялікабрытаніі і Нідэрландах.
Там яго кошт даходзіць да 2,2-2,3 даляраў за літр. Характэрна, што ў ЗША бензінавы цэннік у сярэднім вагаецца блізу 90 цэнтаў. Разам з тым, як паведамляе расейская газета "Ведомости", па звестках амерыканскай фірмы AIRINC, якая ацэньвае кошт жыцця па ўсім свеце, існуюць краіны, дзе бензін наогул каштуе сапраўдныя капейкі.
Так, у канцы сёлеташняга сакавіка ў Іране і Саудаўскай Аравіі літр бензіну ў пераліку на амерыканскія даляры каштаваў 10-11 цэнтаў. У Лівіі - 13, у Кувейце - 30 цэнтаў. Самая танная аўтазапраўная станцыя Еўропы была знойдзена ў Грэнландыі. Як паведамляе AFP, літр бензіну на ёй каштуе ўсяго 3,77 кроны (50 еўрацэнтаў). Аднак у Грэнландыі існуюць рэгуляваныя мясцовымі ўладамі цэннікі на энергарэсурсы. І там, падобна, да павелічэння аўтапаліўных тарыфаў не імкнуцца.
У Беларусі, з нашым коштавым дзяржрэгуляваннем, таксама можна было б не павялічваць кошты на аўтамабільнае паліва. Прынамсі, як сцвярджаюць эксперты, кошты на нафту для нашай краіны прыкладна на 40-50% адрозніваюцца ад сусветных. Таму тлумачыць беларускія тарыфы сусветнымі тэндэнцыямі, мякка кажучы, не надта слушна.
У той самы час для закупу сырой нафты ў Расеі Беларусь выдаткавала 2,7 млрд даляраў, а ад рээкспарту мінеральных тавараў атрымала пад 2,9 млрд. Гэта значыць, за кошт гэтай розніцы можна было б кампенсаваць і рост коштаў. Да таго ж, з улікам, што з 80% кошту літра бензіну і саляркі складаюць падаткі, ільвіную долю адказнасці ў гэтым пытанні нясе дзяржава.
Аднак у нашай краіне за кошт нафтаперапрацоўкі традыцыйна фінансуюцца малаэфектыўныя галіны народнай гаспадаркі, і, падобна, ад гэтай практыкі адмаўляцца ніхто не збіраецца.
Праўда, плацяць за такую малаэфектыўнасць чамусьці ўсе беларускія грамадзяне.