Прызначаны новы Амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі
- 10.06.2008, 10:52
Найджэл Гулд-Дэвіс прызначаны амбасадарам Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі.
Да гэтага ён быў часовым павераным у справах Вялікабрытаніі ў Менску. "З'явілася магчымасць застацца і працягваць працу ў Беларусі ў якасці амбасадара, - паведаміў БелаПАН Н.Гулд-Дэвіс. - На працягу апошніх месяцаў я вельмі палюбіў вашу краіну. Мне так прыемна жыць і працаваць тут, што я ахвотна даў згоду".
Н.Гулд-Дэвіс раней працаваў першым сакратаром па эканамічных пытаннях у амбасадзе Вялікабрытаніі ў Расеі. У Менск прыляцеў у канцы жніўня 2007 гады. Выконваў абавязкі кіраўніка дыпмісіі, паколькі прызначаны летась новы амбасадар Вялікабрытаніі Майкл Хэдак так і не прыступіў да выканання сваіх абавязкаў з прычыны хваробы. Ранейшы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт з'ехаў у канцы чэрвеня 2007 года ў сувязі са сканчэннем службовых паўнамоцтваў.