9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітыка павою і скандалу

4

ЕЗ упершыню адкрыта падтрымаў ЗША у супрацьстаянні амерыканскай амбасады з беларускімі ўладамі.

Нагадаем, на днях ЗША і ЕЗ зрабілі сумесную заяву пра недапушчальнасць ціску на замежныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы, які чыняць улады Беларусі.

Чым выклікана гэтая заява? На гэтае пытанне ў інтэрв'ю "Нашему мнению" адказвае журналіст Раман Якаўлеўскі.

-Бадай, сапраўды, так галосна і адкрыта ЕЗ падтрымаў ЗША у гэтым пытанні ўпершыню. Хаця, не выключана, што ў іншых формах такая падтрымка выказвалася і раней. Але гэта першая сумесная недвухсэнсоўная заява, зробленая ў часе саміту ЗША-Еўразвяз, які прайшоў у Славеніі.

Аднак, ёсць падставы лічыць, што ўсё ж такі вядзецца не толькі пра амерыканскае дыпламатычнае прадстаўніцтва. Пагатоў, заяўнікі карыстаюцца множным лікам. Гутарка можа весціся і пра нядаўнія скандалы, звязаныя з заходнімі дыпламатамі, я маю на ўвазе скандалы з польскім вайсковым аташэ, супрацоўнікам амбасады Латвіі. Магчыма, пра нейкія іншыя інцыдэнты, якія не агучваліся, як гэта было, напрыклад, з супрацоўнікам балгарскай амбасады некалькі гадоў таму.

На сёння мы назіраем скрайнюю занепакоенасць лёсам сваіх грамадзян не толькі з боку амбасады ЗША, але і з боку дыппрадстаўніцтваў некаторых іншых краін. Напрыклад, Літоўскай Рэспублікі, - я маю на ўвазе арышты не аднаго, і, нават, як цяпер кажуць, не двух літоўскіх бізнэсоўцаў, зняволеных у Беларусі. З нагоды непакою літоўскай амбасады хацелася б адзначыць, што гэтыя незразумелыя інцыдэнты з літоўскімі бізнэсоўцамі здарыліся пасля таго, як прайшоў – і плённа, на агульную думку - у Менску беларуска-літоўскі эканамічны форум. Паўстае пытанне: ці выпадкова гэта?

Мне падаецца, што не выпадкова. Хацеў бы нагадаць, што няпростыя сітуацыі ў адносінах з суседнімі краінамі ўжо не раз супадалі па часе з важнымі зрухамі ў двухбаковай супрацы. Напрыклад, напярэдадні меркаванага візіту прэм'ер-міністра С.Сідорскага ў Латвію на эканамічны форум, здарыўся скандал з латвійскім дыпламатам. Яшчэ раней аналагічным чынам не адбыўся візіт Сідорскага ў Варшаву – акурат здарыўся скандал з польскім вайсковым аташэ. Хацеў бы таксама адзначыць, што серыял, дэманстраваны па беларускім дзяржаўным тэлебачанні, наўпрост вінаваціць Украіну ў падрыхтоўцы баевікоў, мэта якіх – скіданне ўлады ў Беларусі. І гэта датычыць ўкраінскай амбасады ў Беларусі, якая апошнім часам актыўна займаецца падрыхтоўкай абяцанай сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаў.

Няцяжка ўгледзець у гэтых супадзеннях прыкметы заканамернасці. Можна дапусціць, што ёсць сілы як у самой Беларусі, у яе кіруючых колах, так і па-за краінай, не зацікаўленыя ў развіцці адносінаў Беларусі з суседзямі, ва ўмацаванні яе становішча ў рэгіёне. І як толькі вызначаюцца нейкія пазітыўныя змены ў гэтым кірунку, тут жа паўстаюць, на першы погляд, незразумела грубыя выбрыкі супраць прадстаўнікоў краін-суседак.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках