Сродкі інавацыйных фондаў ідуць на заробкі службоўцам
13:09, — Эканоміка
Адлічэнні ў інавацыйныя фонды міністэрства гандлю і мінбудархітэктуры выдаткуюцца на мэты, не адпаведныя паняццю "інавацыя".
Пра гэта заявіў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў (БСП) Аляксандр Калінін. Па ягоных словах, грошы з інавацыйных фондаў выдаткуюцца бескантрольна і ідуць на заробкі службоўцам, паведамляе БелаПАН
"Сродкі інавацыйных фондаў выдаткуюцца ведамствамі без належнага грамадскага кантролю. Так, гэтыя сродкі ідуць на заробкі службоўцам. Прычым у гэтыя фонды ўрадам скіроўваюцца ўсе большыя сумы: калі ў 2005 годзе яны складалі крыху больш за адзін трыльён рублёў, то ў 2008 годзе плануецца сабраць 1,7 трлн. рублёў — 1,5% ВУП. Сума даволі вялікая", - сказаў Калінін.
Старшыня БСП прывёў прыклад, паводле якога ў 2007 годзе міністэрствам гандлю было выдаткавана 1,6 млрд. рублёў на рэканструкцыю памяшканняў дзяржаўных рэстаранаў і крамаў. Пры гэтым больш за 28,2% з'яўлялася фінансаваннем праграмаў па энергазахаванні. Многія з гэтых праграмаў, на думку Аляксандра Калініна, выклікаюць сумнеў адносна эфектыўнасці і акупляльнасці, якая можа расцягнуцца на шмат дзесяцігоддзяў, піша Тэлеграф.
Аляксандр Калінін упэўнены, што адлічэнні ў інавацыйныя фонды з'яўляюцца адным з найбольш спрэчных відаў падаткаў у Беларусі. "Па-першае, яны спаганяюцца ў адсотках да сабекошту, нават пры стратнай працы прадпрыемства. Да таго ж, гэтыя адлічэнні маюць розныя стаўкі і скажаюць рэальную рэнтабельнасць прадпрыемстваў", - лічыць ён.





