Еўракамісія падтрымае маладых беларускіх эмігрантаў
12:27, — Палітыка
Еўракамісія і МЗС Эстоніі абяцалі падтрымку кангрэсу новай дыяспары Беларусі.
Пра гэта вядзецца ў вітальным пасланні камісара ЕЗ па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Б.Фэрэра-Вальднэр, дасланым арганізатарам кангрэсу, паведамляе БелаПАН.
"Я вітаю ўнёсак вашай сеткі ў працэс прасоўвання дэмакратыі ў Беларусі", — адзначаецца ў лісце Б.Фэрэра-Вальднэр. Еўракамісар таксама кажа пра важнасць працы з маладым пакаленнем беларусаў, у тым ліку тых, хто жыве за межамі радзімы.
Нагадаем, кангрэс новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША праходзіў 1—4 сакавіка ў Таліне пад эгідай МЗС Эстоніі і групы "За свабодную Беларусь", якая дзейнічае ў эстонскім парламенце. У працы кангрэса ўдзельнічалі дэлегаты са Швецыі, Літвы, Польшчы, Францыі, Нямеччыны і ЗША, а таксама прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці. Асноўнай мэтай сустрэчы стала стварэнне сеткі эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж прадстаўнікамі маладой беларускай дыяспары.
Як адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН дэпутат эстонскага парламента, старшыня грамадскага аб'яднання "Адкрытая Рэспубліка" Яўген Крыштафовіч, грамадзянская супольнасць Эстоніі ўсяляк падтрымлівае ініцыятывы па аб'яднанні маладой беларускай дыяспары.
Па ягоных словам, у свой час менавіта эстонскія НГА пераканалі ўрад у неабходнасці запрасіць на вучобу студэнтаў з Беларусі, якія ў сябе на радзіме зазнаюць пераслед за палітычныя перакананні. "Зыходзячы з уласнага гістарычнага досведу, — адзначыў Я.Крыштафовіч, — эстонцы добра памятаюць, якую важную ролю ў пабудове вольнай і дэмакратычнай дзяржавы адыгралі нашы суайчыннікі з-за мяжы, што вярнуліся на радзіму пасля ўзнаўлення незалежнасці".
У якасці прыкладу парламентарый прывёў цяперашняга прэзідэнта Эстоніі Тоамаса Хэндрыка Ільвэса.





