Лукашэнка згадаў, што ў Беларусі ёсць і каталікі
9:18, — Рэлігія
У Менск з афіцыйным візітам прыляцеў дзяржаўны сакратар папы рымскага Бенедыкта XVI кардынал Тарчызіа Бертонэ. У Нацыянальным аэрапорце прадстаўніка Ватыкана, які ўпершыню наведаў Беларусь на дзяржаўным узроўні, сустракала рота ганаровай варты.
Як паведаміў БелаПАН адказны за сувязі з СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандр Амяльчэня, адразу пасля прылёту ў сталіцу Беларусі кардынал скіраваўся ў цэнтр "Карытас" пад Менскам, дзе жывуць дзеці з анкалагічнымі хваробамі.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, у часе візіту, які працягнецца па 22 чэрвеня, дзяржаўны сакратар святога трону сустрэнецца з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, упаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам. Запланавана таксама сустрэча Тарчызіа Бертонэ з мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам, патрыяршым экзархам усёй Беларусі.
Дзяржаўны сакратар Ватыкана наведае Беларускі дзяржаўны універсітэт і выступіць перад выкладчыкамі і студэнтамі з лекцыяй на тэму: "Вера і розум: Як казаць пра Бога сучаснаму чалавеку".
Кардынал зладзіць святую імшу ў Менскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, высвянціць кутні камень касцёла святога Яна Хрысціцеля ў сталічным мікрараёне Серабранка.
У праграме візіту таксама ўскладанне вянкоў да манумента на плошчы Перамогі ў Менску, наведванне Пінска (Берасцейская вобласць) і Гародні, сустрэча з сябрамі Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, удзел у богаслужэннях, шэраг іншых мерапрыемстваў.





