9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падчас перапісу ў беларусаў спытаюць пра крыніцы прыбыткаў

13

Савет міністраў зацвердзіў праграму перапісу насельніцтва Беларусі 2009 года. Грамадзянам будзе прапанавана адказаць на пытанне пра крыніцы сродкаў існавання.

У дакуменце зацверджаны пералік пытанняў, паводле якіх будзе здзяйсняцца збор персанальных звестак аб грамадзянах, замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства, якія стала пражываюць у рэспубліцы. У спісе 46 пытанняў, разабраных на блокі: пытанні, якія адлюстроўваюць асноўныя дэмаграфічныя характарыстыкі; характарызуюць міграцыйную актыўнасць (бесперапыннасць пражывання ў пэўным населеным пункце; месца папярэдняга жыхарства; прычыну прыезду ў Беларусь на сталае месца жыхарства і інш.); датычныя валодання мовамі; узроўня адукацыі; занятасці; жыллёвых умоваў.

Грамадзянам таксама будзе прапанавана адказаць на пытанне пра крыніцы сродкаў існавання, наяўных у 2009 годзе, і пра колькасць народжаных дзяцей.

Прэс-служба ўрада выкладае каментар намесніцы міністра статыстыкі і аналізу - начальніцы ўпраўлення перапісу насельніцтва Святланы Навасёлавай, якая паведаміла, што дадаткова ў праграму перапісу ўключаны пытанні пра нацыянальную прыналежнасць рэспандэнта, пра наяўнасць кампутара ў хаце і яго падлучэння да інтэрнэту. "Гэтыя пытанні не былі пазначаны ў спісе абавязковых пытанняў паводле артыкула 17 закона "Аб перапісе насельніцтва", - адзначыла С.Навасёлава. - Аднак пры перапісе насельніцтва 2009 года яны з'яўляюцца важнымі з гледзішча іх запатрабаванасці".

Так, па яе словах, звесткі пра наяўнасць кампутара і яго падлучэння да інтэрнэту дазволяць атрымаць звесткі пра узровень інфарматызацыі розных па складзе і тыпу хатніх гаспадарак, асабліва з дзецьмі.

Звесткі пра нацыянальна-лінгвістычную прыналежнасць насельніцтва (нацыянальнасць, родная мова, іншыя мовы, якімі вольна валодаюць) у спалучэнні з адказамі рэспандэнтаў на іншыя пытанні дадуць падрабязную дэмаграфічную, сацыяльна-эканамічную характарыстыку кожнай нацыянальнай групы. Вельмі важнай, па словах С.Навасёлавай, з'яўляецца інфармацыя пра змяненне лічбы насельніцтва асобных нацыянальнасцяў за перыяд паміж папярэднімі перапісамі насельніцтва.

Перапісныя лісты будуць уяўляць сабой двухбаковыя бланкі трох формаў. Першая - "Перапісны ліст" - прызначана для запісу персанальных звестак аб рэспандэнтах, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, што стала пражываюць у краіне. Другая датычыць характарыстыкі жылога памяшкання, спісу асобаў, якія стала пражываюць у хаце. Трэцяя форма прадугледжана для апытання рэспандэнтаў, якія часова пражываюць, альбо часова прыязджаюць у Беларусь, але стала жывуць за мяжой. Апытанне такіх рэспандэнтаў будзе здзяйсняцца паводле пытанняў, датычных пола, веку, месца нараджэння, грамадзянства, месца сталага жыхарства, мэты прыезду ў Беларусь.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках