На мяжы Беларусі і Украіны абстралялі аўтамабіль з кантрабандным віном
1- 2.06.2008, 12:14
1 чэрвеня на мяжы Украіны з Беларуссю быў затрыманы аўтамабіль "Ніва" з грузам кантрабанднага алкаголю: віны і настойкі, паведамляе УНІАН. Каб спыніць машыну, украінскія памежнікі ўжылі зброю.
Па інфармацыі агенцтва, "Ніва" з беларускімі нумарамі хутка праехала заставу і не спынілася для агляду. На паперэднія стрэлы памежнікаў кіроўца не адрэагаваў. Тады супрацоўнікі памежнай службы распачалі агонь па колах.
У выніку "Ніва" спынілася ў некалькіх метрах ад мяжы. Кіроўца выбег з салона і схаваўся на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Украінскія памежнікі ўжо паінфармавалі пра яго сваіх беларускіх калегаў.
У аўтамабілі было знойдзена каля 80 літраў віна і шэсць літраў настойкі. Кантрабанда перададзена ўкраінскай мытні.