Як невыяздны Лябедзька патрапіў у Варшаву?
6- 2.06.2008, 17:15
На днях лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька вярнуўся з Варшавы, дзе прымаў удзел у перамовах ураду Польшчы з дэлегацыяй прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі.
Спачатку ўсе дзівіліся, як невыяздны Лябедзька трапіў у Польшчу, а зараз дзівяцца, як ён вярнуўся дамоў. “Я, як і мае калегі па кааліцыі, прыбыў у Варшаву ... з неба. І, як і ўсе, вяртаўся праз Менскі аэрапорт. Ну, там было некаторае здзіўленне. Але Радзіма прыняла дамоў. Так што пакуль магчымасць адстойваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду перасоўвання захоўваецца”, - распавёў палітык у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.
Тым часам, суд Цэнтральнага раёна Менску адмовіў Анатолю Лябедзьке ў разглядзе пазову наконт забароны яму на выезд за мяжу, паведамляе БелаПАН.
Пазоў у суд у адносінах органаў унутраных спраў быў накіраваны 15 мая. А.Лябедзька патрабаваў абавязаць упраўленне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна Менску выключыць яго з базы дадзеных невыяздных асобаў. Аднак суд нават не прыняў пазоў да разгляду. "У іхным адказе адзначаецца, што я павінны абскардзіць рашэнне міліцыі ў Міністэрстве ўнутраных спраў", — адзначыў ён.
"Я не трымаю ілюзій наконт станоўчага разгляду гэтай справы ў беларускіх судах. Аднак буду абскарджваць рашэнне ў гарадскім, Вярхоўным судах. Гэта неабходная працэдура, каб накіраваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН", — заявіў А.Лябедзька.
Нагадаем, А.Лябедзьке адмоўлена ў выездзе за межы Беларусі на падставе крымінальнай справы, узбуджанай па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў 2004 годзе. Палітыка абвінавацілі па частцы1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у адносінах Аляксандра Лукашэнкі) пасля ягонага інтэрв’ю праграме "Зеркало" (тэлеканал "Россия") і публікацыі ў газеце "Народная воля".