Мытнікі апраўдваюць хабары «нізкім» заробкам
17
11:29, — Эканоміка
Дзяржаўны мытны камітэт скіраваў у Савет міністраў і Міністэрства фінансаў аналітычны ліст, у якім абгрунтаваў неабходнасць падвышэння супрацоўнікам мытні заробнай платы.
Галоўны аргумент ДМК палягае ў тым, што на гэты момант мытнікі атрымліваюць менш за усіх сярод супрацоўнікаў праваахоўных ведамстваў, піша "Ежедневник".
Гэта падрывае не толькі прэстыж мытнай службы, але і стварае спрыяльныя ўмовы для ўзнікнення карупцыйных праяваў. А гэта ўжо, мяркуюць у ДМК, і з'яўляецца прычынай рэгулярных карупцыйных скандалаў з удзелам абаронцаў гаспадарчых межаў Беларусі.
Так, малады супрацоўнік ДМК, што прыйшоў на службу па сканчэнні вну, атрымлівае 700-800 тыс. рублёў (у залежнасці ад месца службы і службовых абавязкаў). Для мытнага супрацоўніка, праз якога праходзяць грузы і каштоўнасці на мільёны даляраў, гэта вельмі мала. Таму не дзіва, што, калі такому інспектару даюць хабар у некалькі дзесяткаў тысяч даляраў, яму вельмі складана адужаць такую спакусу.
Нягледзячы на тое, што пераказаныя ў лісце довады цалкам лагічныя і абгрунтаваныя, яны, тым не менш, былі даволі скептычна ўспрынятыя ў Саўміне і Мінфіне. Перадусім таму, што больш падобныя на апраўданне, выкліканае тым, што МУС, пракуратура і іншыя праваахоўныя органы не перастаюць заводзіць крымінальныя справы адносна супрацоўнікаў мытні.
Літаральна пару дзён таму пракуратура Гарадзенскай вобласці завяла крымінальную справу адносна жыхаркі г.Ашмяны, былой інспектаркі аддзела мытнага афармлення і кантролю мытнага паста "Каменны лог". Яна нібыта ў жніўні 2006 года зладзіла незаконнае афармленне аўтамашыны з увазным у Беларусь грузам, чым нанесла дзяржаве шкоду памерам у 47,9 млн рублёў.
Адчуванне нязграбнага апраўдання паўстала, бадай, таму, што Саўміну давялі няпоўную карціну становішча у ДМК. Рэч у тым, што нізкая зарплата і высокая верагоднасць заляцець на нары (прычым часта праз вельмі сумнеўнае абвінавачанне) прывялі да масавага зыходу з ДМК кваліфікаваных кадраў. Пры гэтым і сацыяльныя гарантыі, перадусім забеспячэнне жытлом супрацоўнікаў, у ДМК таксама не на належным узроўні, каб туды хацелі ісці працаваць.
Карціну папсавала і зацягнутая рэарганізацыя ДМК. Спачатку аб'ядналі дзве берасцейскія мытні. Потым заявілі, што будуць аб'ядноўваць і іншыя (напрыклад, меркавалася мытню Нацыянальнага аэрапорта аб'яднаць з Менскай рэгіянальнай мытняй і г. д.), чым нямала напалохалі шмат каго з супрацоўнікаў, якія ўжо пачалі рыхтавацца да новых нялёгкіх умоваў працы са сталымі раз'ездамі.
Дагэтуль канчаткова не вырашана пытанне і з выпраўным вахтавым метадам працы (ідэя з лятучымі брыгадамі), пра які казалі ў межах кампаніі па барацьбе з карупцыяй у ведамстве. Ідэя нібыта ўжо пахаваная, бо сутыкнулася з катэгарычным непрыманнем сярод супрацоўнікаў, але яшчэ не канчаткова, таму працягвае вісець над інспектарамі як дамоклаў меч. Увогуле, супрацоўнікі ДМК наўпрост так і кажуць, што галоўная прычына масавага зыходу людзей з мытні не столькі ў заробку, колькі ў адсутнасці пэўнасці ў "сонечным" заўтрашнім дні.

Напісаць каментар (17)





