Прычыны выбуху завода пад Менскам невядомыя (Фота)
1
8:49, — Здарэнне
Як мы ўжо паведамлялі, у суботу ў 16.10 у вёсцы Крупіца Менскага раёна падарваўся будынак былога камбікормавага заводу. Прычыны выбуху дагэтуль невядомыя.
Падарваны будынак бачны за некалькі дзясяткаў метраў: жалезабетонныя асколкі, дошкі, сарваныя з даху, валяюцца ў 70 метрах ад плота. У самім бетонавым плоце разбураныя некалькі блокаў.
- У той дзень на працы акрамя мяне і вартаўніка нікога не было. Мы з ім вышлі папаліць на ганку вартоўні, і раптам я пачуў адразу адзін нягучны хлапок, а следам за ім другі. Выбухная хваля была настолькі магутная, што вартаўнік плячыма вынес дзверы і апрытомнеў за метраў 30 пад бярозай, а мяне выкінула на гэтую дарогу, - распавёў «КП в Беларуси» дырэктар ЧУП «Радуга» Аляксандр Кулак.
У Крупіцы некалькі менскіх фірмаў арандуюць памяшканне. Па словах Аляксандра Кулака, іх фірма здала ў арэнду будынак фірме «Валібел», якая збіралася выпускаць мэблю, бетонавыя блокі і прэпараты для дэзінфекцыі. Што яны маглі захоўваць выбуханебяспечнага на тэрыторыі, ніхто не ведае.
- Вось тут быў цэх па вытворчасці прэпаратаў для дэзінфекцыі, - каментуе адзін з працоўных, з якім мы прабіраемся па грудзе асколкаў. - Менавіта тут адбыўся выбух. Дарэчы, у пятніцу да іх прыязджаў тэхнолаг, і ў панядзелак яны павінныя былі запусціць вытворчасць. Яны самі казалі, што будуць працаваць па распрацоўках БДУ.
З-за груды смецця мы не змаглі разгледзець, што было ў цэху. Выбух быў настолькі магутным, што нават велізарную жалезную дзверы знесла з завес, і яны ўляцелі ў фуру, што стаяла побач.
- Ад выбуху ў сямі машын выляцелі ўсе вокны, - працягвае распавядаць працоўны. - Паглядзіце на фуры. Гэтае жа вартае жалю відовішча: усе пабітыя, без вокнаў, замест тэнтаў адныя анучы. Дарэчы, у гаражы стаяла рарытэтная машына «Победа». Зараз яна ператварылася ў груду металалому.
Цяпер падлічваецца матэрыяльная шкода. Але ўжо сапраўды вядома: падарваны будынак пры апошнім пераацэньванні ацанілі ў 1,5 мільёна даляраў. Пракуратура, якая працуе на месцы здарэння, пакуль не бярэцца каментаваць прычыны выбуху. Учора дырэктара «Валібела» беспаспяхова шукалі не толькі прэса, але і фірма, якая здала яму ў арэнду свае плошчы.






