Пацярпелыя ад «жывога шчыта» не будуць абскарджваць прысуд
10- 25.06.2008, 15:29
Адвакат Вера Страмкоўская лічыць прысуд «досыць мяккім», але абскарджваць яго пацярпелыя ад «жывога шчыта» не будуць, - заявіла Страмкоўская пасля абвяшчэння прысуду.
В.Страмкоўская падкрэсліла, што задаволеная абвінаваўчым прысудам супрацоўнікам ДАІ, выказаўшы надзею на тое, што пасля дадзенага суду практыка выстаўлення «жывога шчыта» спыніць сваё існаванне ў Беларусі, паведамляе Інтэрфакс.
Разам з тым адвакат заявіла, што будзе пададзены пазоў у грамадзянскі суд на 25 млн рублёў за пабітыя ў ДТЗ аўтамабілі.
У сваю чаргу, пракурор, які падтрымаў дзяржаўнае абвінавачванне ў судзе, Мікалай Дубянок заявіў журналістам, што "прысуд быў вынесены ў рамках пакарання, прадугледжанага часткай 1 артыкулу 426 Крымінальнага кодэкса Беларусі, па якому было прад'яўленае абвінавачванне супрацоўнікам ДАІ".
Аднак ён адмовіўся каментаваць рашэнне суду, спаслаўшыся на тое, што прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.
Нагадаем, падсудныя супрацоўнікі ДАІ стварылі ў пачатку сакавіка на трасе Менск-Мікашэвічы для затрымання парушальніка «жывы шчыт» з прыватных аўтамабіляў, у якіх знаходзіліся пяцёра дарослых пасажыраў і адно дзіця, падвергнуўшы такім чынам іх жыцці небяспецы.
Суд прызнаў камандзіра 2-га ўзвода аддзела ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска маёра міліцыі Г.Дарагакупца і інспектара дадзенага ўзвода старэйшага лейтэнанта міліцыі А.Ліхтаровіча вінаватымі і прысудзіў да двух гадоў умоўна з адтэрміноўкай выканання прысуду на тры гады.