Любамір Рэгак: «Паўнавартасную супрацу паміж Беларуссю і ЕЗ цяжка ўявіць»
3
11:33, — Палітыка
У цяперашніх умовах паўнавартасную супрацу паміж Беларуссю і ЕЗ цяжка ўявіць. Такую думку ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў часовы павераны ў справах Славаччыны ў Беларусі Любамір Рэгак у сувязі са сканчэннем тэрміну сваіх дыпламатычных паўнамоцтваў.
Л.Рэгак нагадаў, што яшчэ ў 2006 годзе Еўракамісія апублікавала дакумент "Што Еўрапейскі звяз можа даць Беларусі". "У ім пераказаны не толькі 12 умоваў, без якіх немагчымы паўнавартасны дыялог, але і пералічаны выгады, якія беларускі народ зможа атрымаць ад супрацы з Еўразвязам", - адзначыў дыпламат.
Па ягоных словах, у канцы 2007 - пачатку 2008 гадоў "паўстаў спадзеў, што Беларусь пачне змяняцца". У якасці прыкладу Л.Рэгак назваў мірнае правядзенне акцыяў апазіцыі - Еўрапейскага і Сацыяльнага маршаў, а таксама вызваленне "большасці палітычных зняволеных".
"Гэта былі надзвычай вялікія пазітыўныя змены, якія давалі спадзеў, - адзначыў славацкі дыпламат. - Але новая хваля рэпрэсіяў, якая пачалася, як мне падалося, пасля смерці Ірыны Казулінай, была незразумелай. На маю думку, пасля яе смерці можна было закрыць пытанне з палітвязнямі, але гэтая магчымасць не была скарыстана. Не надта ясна, што паўплывала на змену тактыкі кіраўніцтва Беларусі, чаму адбыўся такі рэзкі разварот".
На думку Л.Рэгака, пакуль Беларусь не зробіць "пэўных крокаў насустрач ЕЗ, казаць пра развіццё адносінаў можна толькі гіпатэтычна". "Мы нічога не маем супраць пэўных палітыкаў, але важна, каб усе палітычныя працэсы ў краіне ладзіліся паводле дэмакратычных нормаў", - падкрэсліў славацкі дыпламат.
Ён адзначыў, што планаваныя ўвосень парламенцкія "выбары" "будуць у значнай ступені вызначаць шанцы Беларусі на пачатак жыцця згодна з еўрапейскімі стандартамі". "Падчас выбараў для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты павінен быць забяспечаны роўны доступ да выбарцаў, да СМІ, а таксама доступ палітычных партыяў і рухаў у выбарчыя камісіі. Усё павінна адбывацца празрыста", - падкрэсліў Любамір Рэгак.
З лістапада 2007 года па травень 2008 года Славаччына з'яўлялася старшынёй Кабінета міністраў Рады Еўропы.





