Улады спужаліся санкцыяў з боку МАП
7- 4.06.2008, 8:29
Напярэдадні сесіі Міжнароднай арганізацыі працы міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Уладзімір Патупчык сустрэўся са старшынём Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком.
Сустрэча прайшла ў двухбаковым фармаце 29 траўня, напярэдадні ад'езду Аляксандра Ярашука ў Жэневу, дзе 5 чэрвеня Камітэт па нормах і стандартах МАП разгледзіць "беларускую праблему".
Старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і міністр працы і сацыяльнай абароны Уладзімір Патупчык абмеркавалі сітуацыю, звязаную з выкананнем урадам 12 рэкамендацыяў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Гутарка, па словах Ярашука, "не была простай". Цяперашняе становішча "пагаршаецца тым, што мінулы год не зафіксаваў якіх-небудзь прарываў у пазбяганні парушэнняў правоў прафсаюзаў у краіне, і можна дакладна прагназаваць як прынцыповасць адзнак дзеянням урада з боку сяброў Камітэта па нормах і стандартах МАП, так і жорсткасць прыманых імі рашэнняў".
"Стваралася ўражанне, што ўпершыню за ўвесь апошні час урад нарэшце-такі пачынае ўсведамляць, наколькі згубнымі для краіны могуць быць наступствы канфлікту з Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і Еўрапейскім звязам з нагоды незахавання правоў прафсаюзаў, пад якую пагрозу ставіць яно эканоміку краіны, працягваючы палітыку ігнаравання выканання рэкамендацыяў МАП. Несумнеўна, гэта для нас пазітыўны момант. І калі мы будзем бачыць, што маем справу з зацікаўленым жаданнем выправіць сітуацыю, а не з чарговай спробай маніпуляцыяў незалежным прафсаюзным рухам і міжнароднай грамадскай думкай, мы будзем гатовыя да пошуку кампрамісных рашэнняў ужо падчас самой Канферэнцыі ў Жэневе, - заявіў у інтэрв'ю газеце "Товарищ" старшыня БКДП А.Ярашук.