9 чэрвеня 2026, aўторак, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнікі – Івану Шылу: «Ці мы будзем ахвярамі сістэмы, ці ты...»

34

Адукацыйны адзьдзел салігорскага выканкаму прыняў незаконнае рашэньне аб выключэньні з салігорскай школы №4 аднаго зь лідэраў “Маладога Фронту” Івана Шылы.

Іван Шыла, вучань 11 клясы, пасьпяхова здаў 2 выпускныя іспыты і сёньня павінен быў здаваць трэці – ангельскую мову. Але, як паведамілі маладафронтаўцу на паседжаньні адукацыйнага адзьдзела, нягледзячы на тое, што рашэньне ўступае ў моц толькі праз 10 дзён, ён будзе выкрэсьлены са сьпісаў тых, хто здае іспыт, паведамляе прэс-служба МФ.

“Рашэньне камісіі цалкам незаконнае, - кажа Іван Шыла. - У траўні педсавет школы прыняў пастанову аб дапушчэньні мяне да ўсіх іспытаў, бо я ня маю праблем з пасьпяховасьцю і наведвальнасьцю, учора рада настаўнікаў пацьвердзіла прынятую пастанову. Але 3 чэрвеня, пасьля таго як прыехала вышэйшая камісія зь Менску, усе 35 настаўнікаў, якія учора адзінагалосна падтрымалі мяне, так жа адзінагалосна прагаласавалі за выключэньне на падставе маёй “актыўнай грамадзкай дзейнасьці і шматлікіх затрыманьняў на вулічных акцыях”. Выкладчыкі забаяліся быць зволенымі, бо наконадні камісія зь Менску ўжо прымусіла звольніцца дырэктара школы са шматгадовым стажам і гвалтоўна звольнілі яе намесьніцу. Пасьля паседжаньня некаторыя настаўнікі мне казалі: “Ты разумееш, Іван, у чым уся справа. Ці мы будзем ахвярамі сістэмы, ці ты…”

Іван Шыла сьцьвярджае, што, калі ён не атрымае ў бліжэйшыя дні атэстат аб заканчэньні сярэдняй школы, ён будзе зьвяртацца ў суд.

“Я буду да апошняга дамагацца справядлівасьці, - гаворыць маладафронтавец Іван Шыла. –Гэтыя падзеі, калі тэрмінова прымаецца незаконнае рашэньне аб маім выключэньні са школы за 3 дні да атрыманьня дыплёма, што фактычна пазбаўляе мяне ўсякай магчымасьці паступіць у ВНУ, ярка адлюстроўваюць дзьве рэчы: па-першае, хочуць паказаць усім людзям, што за лічаныя хвіліны яны могуць пазбавіцца права працаваць ці вучыцца, паказваюць сваю фальшывую “ўладу”, "навуку" іншым моладзевым актывістам. А, па-другое, гэта сьведчаньне таго, што ўжо 14-ты год няспынна ціснуць на людзей, якія займаюцца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю і не баяцца голасна заяўляюць пра сваю палітычную пазыцыю”.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках