Амбасада Ізраіля абвяргае беларускі МЗС
6- 4.06.2008, 12:10
Ізраіль прапаноўваў скасаваць плату за візы для беларускіх грамадзян, у той час як чыноўнік беларускага МЗС Андрэй Гіра днямі сцвярджаў адваротнае.
"Можа быць, для кагосьці нашая прапанова здасца новай, але насамрэч яна было выказана ізраільскім бокам ужо даўно, -- гаворыцца ў заяве амбасады Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь, перададзенай у «Народную волю».
"Мы паўтараем яе цяпер пасля таго, як са здзіўленнем пачулі ад начальніка Консульскага Упраўлення МЗС Рэспублікі Беларусь спадара Андрэя Гіра ў on-line канферэнцыі на сайце БелТА 29 траўня, што ізраільскі бок не выявіў гатовасці абдумваць беларускі праект пагаднення аб выдачы бясплатных візаў шэрагу катэгорый грамадзян і не прапанаваў аніякага свайго варыянту пагаднення, -- напісана ў заяве амбасады. -- 23 кастрычніка мінулага года беларускаму консулу на чарговай сустрэчы з кіраўніком дамоўнага аддзела МЗС Ізраіля было зноў патлумачана, што ў Ізраіля няма досведу вызвалення ад платы за візы на падставе ўзроставых крытэраў, як прапануе Беларусь. Аднак ізраільскі МЗС гатовы разгледзець адпаведныя дакументы, якія рэгламентуюць консульскія дамовы Беларусі з іншымі краінамі, дзе ўжываецца азначаны прынцып. Гэтыя дакументы беларускім бокам у МЗС Ізраіля дагэтуль не перададзены".
Але галоўнае, што ізраільскі МЗС прапанаваў адразу ж пасля атрымання беларускага праекту і паўтарыў гэта зноў на сустрэчы ў кастрычніку 2007 года - давайце спросцім сітуацыю кардынальна і зробім усе візы бясплатнымі.
І нарэшце, наконт сцвярджэння сп.Гіра пра тое, што Беларусь аднабаковым чынам спрасціла выдачы візаў грамадзянам Ізраіля. На тых спрашчэннях, якія здзейснены беларускім бокам цяпер, палягаюць консульскія паслугі беларускім грамадзянам з боку Ізраіля ўжо шмат гадоў.