У беларускіх уладаў не знайшлося грошаў для музея Барыса Кіта
2- 4.06.2008, 12:34
Сёньня ў Наваградку ўрачыста адкрыюць музэй Барыса Кіта, беларускага асьветніка і грамадзкага дзеяча, сусьветна вядомага навукоўцы ў галіне астранаўтыкі. Спонсарам экспазыцыі стаў бізнэсовец з Расеі Валеры Казакоў.
Музэй Кіта разьмясьціўся ў будынку былой беларускай гімназіі, а цяпер сярэдняй школы нумар 1, дзе калісьці вучыўся, а пазьней працаваў настаўнікам і дырэктарам сам спадар Кіт, паведамляе “Радыё Свабода”.
На будынку Наваградзкай школы нумар 1 некалькі гадоў таму была разьмешчаная мэмарыяльная дошка ў гонар былога дырэктара Наваградзкай гімназіі і ганаровага грамадзяніна гораду Барыса Кіта. А сёньня ў школе зьявіцца ягоны музэй, які будзе мець статус філіі Наваградзкага гісторыка-краязнаўчага музэю.
Сам Барыс Кіт, якому ідзе 99-ты год, цяпер жыве ў нямецкім Франкфурце-на-Майне. На сёньняшнюю ўрачыстасьць у Наваградак ён прыехаць ня зможа. Але ён з ахвотай падзяліўся сваім настроем.
“Пачуцьцё цудоўнае, радасьць, што вось яшчэ адно культурнае асягненьне ў Беларусі, бо такія музэі зьяўляюцца асьветніцкімі месцамі, дзе народ вучыць сваю гісторыю”, - кажа наш славуты суайчыньнік.
Музэй разьмесьціцца ў школьным будынку, да ўзьвядзеньня якога ў свой час меў дачыненьне і Барыс Кіт. І гэта яго вельмі цешыць.
“Сягоньня гэта школа нумар 1, а калісь гэта была Наваградзкая беларуская гімназія, дзе я быў вучнем, дзе я быў настаўнікам, дзе я быў дырэктарам і дзе я быў акруговым школьным інспэктарам... У гэтым будынку адбываліся цудоўныя культурна-гістарычныя падзеі Беларусі”, - распавядае Барыс Кіт.
Адна з удзельніц сёньняшняй урачыстасьці пісьменьніца Лідзія Савік, аўтарка кнігі пра Барыса Кіта “Космас беларуса”, перакананая, што герой яе кнігі варты музэю пры жыцьці.
“Таму што гэта жывая гісторыя, ён равесьнік стагодзьдзя. І перакрочыў ужо ў 21-е стагодзьдзе. Беларусь павінна ведаць сваіх славутых людзей, сваіх герояў, такія людзі садзейнічаюць і патрыятызму, любові да радзімы, сваёй мовы, культуры. І імкненьне да сусьветных дасягненьняў на ягоным прыкладзе можна моладзі прывіваць”, - упэўненая пісьменьніца.
Варта заўважыць, што спонсарам стварэньня экспазыцыі пра Барыса Кіта ў Наваградку стаў прадстаўнік беларускай дыяспары ў Расеі Валеры Казакоў з Кемерава.
Даведка. Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Пецярбургу, бачыў Лютаўскую рэвалюцыю, пасьля кастрычніцкага перавароту бацька адвёз яго на радзіму – у цяперашні Карэліцкі раён. Пасьля заканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай і Наварадзкай беларускіх гімназіяў. У часе другой сусьветнай вайны цярпеў ад перасьледу савецкіх і нацысцкіх уладаў. Эміграваў у ЗША, дзе рэалізаваў сябе ў праграме астранаўтыкі, адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва для астранаўтычных праектаў. На Беларусі зноў пабываў і атрымаў прызнаньне на пачатку 1990-х гадоў, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці.