«Маладафронтаўцаў» пазбаўляюць магчымасьці вучыцца ў краіне?
11- 4.06.2008, 16:48
Кіраўніца Фрунзенскага адзьдзелу адукацыі Менску зьняла з іспыту па беларускай мове актывістку “Маладога Фронту” Алену Макарэвіч.
“Я думаю, гэта зрабілі, каб я не змагла паступіць у ВНУ”, - паведаміла “Радыё Свабода” Алена Макарэвіч.
“Сёлета я сканчаю школу. Мяне не дапусьцілі да іспыту па беларускай мове. Накіравалі здаваць яго ў жніўні”, - распавяла дзяўчына.
“Матывавалі тым, што я спазьнілася на іспыт. Мяне дапусьціла школа і прадстаўнікі камісіі маніторынгу. Але начальніца ўправы адукацыі Фрунзенскага раёну Менску Тацяна Захаронак прыйшла ў школу і зьняла зь іспыту. Кажа: “Будзеш здаваць у жніўні”. Настаўнікі плакалі. Яны так змагаліся, каб мяне дапусьцілі. Ім загадвалі мяне зусім не дапускаць. А яны дапусьцілі і атрымалі за гэта па шыі. І вось зьнялі з апошняга іспыту…, - кажа Алена Макарэвіч.
Яна прызнаецца, што “была ў шоку, калі даведалася пра сытуацыю з Іванам”.
“Напэўна, хочуць забраць яго ў войска”, - мяркуе дзяўчына.
“Мне не аднаго разу пагражалі выключыць са школы. Маёй маці пагражалі і колькі разоў выклікалі ў КДБ. Бацьку на працы абяцаюць не падоўжыць кантракт. А намесьніца па ідэалягічнай працы школы чытае ўсе апазыцыйныя сайты, сочыць, хто дзе якое інтэрвію даў, а пасьля выклікае. У адным інтэрвію я сказала, што ў нашай школе 99% вучняў - сябры БРСМ. Яна мяне за такое нават пахваліла – бо ў іх гэта ў “плюс” ідзе”, - прыводзіць прыклад Алена Макарэвіч.
Нагадаем, учора адукацыйны адзьдзел салігорскага выканкаму прыняў незаконнае рашэньне аб выключэньні з салігорскай школы №4 аднаго зь лідэраў “Маладога Фронту” Івана Шылы за “актыўную грамадзкую дзейнасьць”. Прычым, адміністрацыя школы выступала супраць такога рашэньня.
Дырэктарка Вольга Сянькова на знак пратэсту звольнілася са школы, а намесьніцу па выхаваўчай працы звольнілі за “дрэнную працу”, пасьля чаго астатнія настаўнікі адзінагалосна прагаласавалі за выключэньне Івана Шылы.
Варта дадаць, што адбылося гэта наконадні апошняга іспыту па ангельскай мове, які юнак мусіў здаваць сёньня. Каб не дапусьць моладзевага актывіста да іспыту, у школе выставілі ахову з міліцыянтаў.