2 чэрвеня 2024, Нядзеля, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка пазбаўляе беларусаў падтрымкі Эўразьвязу

3

Беларусь мае рэальны шанец далучыцца да новых праграмаў Брусэлю для ўсходніх партнэраў, але дзеля гэтага Аляксандар Лукашэнка мусіць вызваліць палітвязьняў і правесьці свабодныя дэмакратычныя выбары.

Пра гэта казалі прадстаўнікі кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, паведамляе “Радыё Свабода”.

Сустрэчы ў Брусэлі, дзе Эўрапарлямэнт сабраў дэпутатаў ад Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Украіны і дэлегацыю Аб’яднаных дэмсілаў Беларусі, паказалі: Эўразьвяз мае намер надаваць краінам Усходняй Эўропы значна больш увагі і рэсурсаў, чым раней.

“На бліжэйшыя гады, па 2013 год, на ўсходні кірунак выдзяляецца прыкладна 12 мільярдаў эўра. Узьнікае пытаньне: як там будзе прадстаўлена Беларусь? Бо гэта розныя сфэры супрацоўніцтва — эканамічная, гуманітарная, абмены. Гэта — вялікая колькасьць праграмаў. І ў нас, у Беларусі, ёсьць шанец увайсьці ў гэтыя 12 мільярдаў са сваімі праграмамі. Каб гэта пайшло на карысьць грамадзянам Беларусі. Але калі палітычная сытуацыя будзе заставацца бязь зьменаў, дык гэтыя велізарныя сродкі абмінуць Беларусь”, сцьвярджае Анатоль Лябедзька.

Адказнасьць за нявыкарыстаныя магчымасьці, калі так здарыцца, ляжа на афіцыйныя беларускія ўлады, падкрэсьлівае яшчэ адзін удзельнік паездкі — Сяргей Калякін.

“Мяч сёньня знаходзіцца на баку ўлады. І пра гэта павінны думаць людзі, якія рэальна страчваюць ад таго, што ўлады выяўляюць такую цьвердалобасьць і ня хочуць саступаць. Яны ня хочуць выпускаць палітвязьняў, ня хочуць выконваць свае абавязаньні наконт правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў. Але ад гэтага страчваюць не ўлады, а простыя грамадзяне”, кажа Сяргей Калякін.

Вінцук Вячорка, які таксама езьдзіў у Брусэль, зазначыў: амбасадара Беларусі ў Бэльгіі і эўрапейскіх структурах на дэбаты не запрасілі. Сустаршыня Палітрады АДС лічыць гэта жорсткім сыгналам.

“Ня толькі да беларускага парлямэнту, але і да выканаўчай улады ў Брусэля ёсьць сур’ёзныя прэтэнзіі. Так што цяпер афіцыйнаму Менску трэба моцна думаць. Разьлікі на тое, што Эўрапарлямэнт, Эўракамісія пачнуць гуляць у нейкія гульні, абніжаць бар’ер патрабаваньняў да афіцыйных уладаў, ня спраўдзіліся. Усе ранейшыя патрабаваньні застаюцца”, перакананы Вінцук Вячорка.

Нагадаем, Эўразьвяз зьвязвае паляпшэньне стасункаў з афіцыйным Менскам, а таксама ўдзел Беларусі ў праграме добрасуседзтва, якая б дазволіла беларусам атрымліваць танныя альбо зусім дармовыя шэнгенскія візы, з выкананьнем беларускімі ўладамі 12 прапановаў Эўразьвязу Беларусі. Галоўнымі пунктамі гэтых прапановаў ёсьць вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне перасьледу грамадзянаў па палітычных прычынах і правядзеньне свабодных выбараў.

Між тым, сёньня ў Беларусі застаюцца за кратамі экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, засуджаны ў 2006 годзе да 5,5 год турмы за масавую акцыю пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, моладзевы актывіст Андрэй Кім і адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Сяргей Парсюкевіч, асуджаныя адпаведна да 1,5 і 2,5 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску. За ўдзел у той акцыі атрымалі розныя тэрміны абмежаваньня волі і буйныя штрафы яшчэ 12 актывістаў дэмакратычнага руху краіны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках