29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Шапран: «Там ёсць Быкаў, якога не ведаў ніхто»

4
Сяргей Шапран: «Там ёсць Быкаў, якога не ведаў ніхто»

На гэтым тыдні пры падтрымцы грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» у свет выйшла кніга «Дажыць да зялёнай травы». Яе аўтары – Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Гэтую кнігу яны пісалі 43 гады - у лістах адзін да аднаго. Велізарную працу па яе складанні зрабіў беларускі журналіст Сяргей Шапран.

Сёння Сяргей Шапран распавядае прэс-цэнтру Хартыі’97 аб тым, як складаўся эпісталярны зборнік двух класікаў беларускай літаратуры і чаму вядомы журналіст заняўся даследаваннем творчасці Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна.

Сяргей, як узнікла ідэя стварыць кнігу з ліставання Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна?

— Яшчэ працуючы над кнігай «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах», я атрымаў шчаслівую магчымасць пазнаёміцца з лістамі Васіля Ўладзіміравіча, у тым ліку да Рыгора Барадуліна. Ліставанне — неад’емная частка творчасці выдатных пісьменнікаў. І Васіль Быкаў - не выключэнне. Сабраць жа дакументальную кнігу аб ім, не выкарыстоўваючы лісты, практычна немагчыма — шматлікія факты з жыцця ці імгненныя адчуванні, настроі пісьменніка засталіся толькі там. Уявіце, як шмат кажуць, напрыклад, наступныя цытаты з лістоў (у той час Быкаў быў ужо вымушаны жыць за мяжой): «Я тут — бы ў ссылцы. Адзін»; «А душа чарнее ад тых вестак, што мкнуць праз эфір з Радзімы. Што будзе? Як будзе? Як жыць — там, вядома? Тут увогуле жывецца і няблага. Было б і зусім добра, каб трохі лепшае ўсталявалася надвор’е. Усё ж халаднаватае лета было, дажджы і ветры. Здаецца, у Беларусі было цяплей. А можа, тое здаецца. На адлегласці ўсё здаецца… І тым не менш трэба жыць дома. Нават у голадзе, у холадзе. Нават не магу доказна абгрунтаваць — чаму? Але нутром, падкоркай адчуваютрэба жыць дома. Ужо не кажу — паміраць дома, тое само сабою вядома. Адзінае, што суцяшае — гэта магчымасьць прыехаць… А калі прападзе такая магчымасьць? Тое было б жахліва»

І неверагодныя адказы Рыгора Барадуліна. Яны збольшага вядомыя па ягоных паэтычных цыклах «Лісты ў Хельсінкі», «Лісты ў Нямеччыну», «Лісты ў Злату Прагу». Быкаў называў вершы з гэтых цыклаў геніяльнымі і, напрыклад, пісаў у лісце да маскоўскага сябра літаратуразнаўцы Валянціна Аскоцкага: «В Минске очень болеет Гриша Бородулин, мой самый, самый родной человек. Но, болея, пишет стихи, которых еще не видела — не читала белорусская литература. Может быть, и не только белорусская».

Аднак не менш цікавыя і ўводзіны да гэтых вершаў, самі лісты. Вось, напрыклад: «Са сьпякотнага й апурхлага ад абалваньваньня Менску прыехаў, прыкалываўся аўтобусам у сонную Вушачу. Пэнсыю даюць і вайны няма — і ўсе пазяхаюць шчасьліва да хрумстку ў ськівіцах, ці па-вушацку — у падсанках. Калі б не такія-сякія пазнакі нібыта прагрэсу, іншым разам можна падумаць, што ўсё на пачатку сьвету, толькі адразу ж сапсутага й пакарчаванага. Альбо напрыканцы». А в другой раз: «Пішу табе ліст з дурной віроўні, з благога надвор’я. Усё скаламучана, пастаўлена дагары нагамі ў вар’ёўні калхознага сацыялізму. Людзі тырчаць, як недагнаныя ў дамавіну цьвікі, бо сагнуліся. Нават само паветра сьлізкае ад той хлусьні, ад той прадажніцкай прапаганды, якая цабэркамі памыяў ліецца з прэсы, з тэлерадыё. Да чаго давялі, што не магу слухаць беларускую мову з вуснаў халуёў і падбрэхічаў. Маскоўскае тэле смакуе зьнішчэньне цэлага народу. Беларусам бы задумацца, паглядзеўшы на гэты генацыд, і прымерыць усё на сябе. Ды дзе там! Старыя нудзяцца, як парасяты, адсаджаныя ад сьвіньні, па чырвонай імпэрыі».

Невыпадкова Васіль Уладзіміравіч пісаў сябру: «Усе твае лісты я хаваю, берагу, маю надзею, што калі-небудзь (хаця б пасьля нас) іх надрукуюць. Бо ў эпісталярным жанры ты ня меней цікавы, чым у паэтычным». Гэта значыць публікацыю лістоў Барадуліна можна, по сутнасці, успрымаць як пажаданне, волю Васіля Быкава. У сваю чаргу, Рыгор Барадулін хацеў убачыць апублікаванымі не адныя толькі ягоныя «Лісты», а менавіта ліставанне, што, зрэшты, заўсёды пераважней, паколькі гаворка ідзе аб пісьменным дыялогу… На вялікі жаль, няма Васіля Ўладзіміравіча, але, да нашага шчасця, ёсць Рыгор Барадулін. І я рады, што кніга выйшла цяпер, калі Рыгор Іванавіч зможа яе ўбачыць.

Імёны двух літаратараў неаднойчы сустракаліся побач на старонках газет. Калі, напрыклад, Рыгор Барадулін (што ў ягоным жыцці здавалася даволі рэдка) браў інтэрв’ю ў сябра, ці калі інтэрв’ю самога паэта было цалкам прысвечанае Быкаву (што пры жыцці любога пісьменніка здараецца надзвычай рэдка). Ці калі імёны абодвух стаялі побач пад рознага кшталту заявамі і адкрытымі лістамі: у абарону Шагала і з падтрымкай ідэі стварэння ягонага музея, у абарону Алексіевіч і яе кнігі «Цынкавыя хлопчыкі», пад заявай аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі ці пад дэкларацыяй аб стварэнні Хартыі’97. І невыпадкова абодва літаратары ўвайшлі ў Сойм Беларускага народнага фронта; іх імёны фігуравалі і ў першых спісах Беларускага ПЭН-цэнтра (абодва былі прэзідэнтамі ПэН-цэнтра: Барадулін — першым, Быкаў — другім).

Гэта жа не першая кніга В. Быкава і Р.Барадуліна?

— Атрымліваецца, што трэцяя сумесная. Першая — «Лісты ў Хельсінкі», там былі прадстаўленыя паэзія Барадуліна і малюнкі Быкава – Васіль Уладзіміравіч маляваў іх спецыяльна для гэтага выдання. У другую кнігу — «Калі рукаюцца душы… Паэзія з прозай» — увайшлі быкаўскія прытчы і барадулінскія паэтычныя цыклы «Лісты ў Нямеччыну», «Лісты ў Злату Прагу». Але, дарэчы, у кнізе «Дажыць да зялёнай травы…» ўпершыню найбольш поўна прадстаўленыя малюнкі Быкава, у тым ліку і тыя, якія да гэтага часу мала хто бачыў. Гэтыя малюнкі вельмі шмат кажуць пра Быкава — напрыклад, сведчаць, што ў Васіля Ўладзіміравіча было не толькі неверагоднае пачуццё гумару, але яшчэ і здзіўляючая самаіронія.

У анатацыі да кнігі напісана, што гэта першае кніжнае выданне ліставання двух пісьменнікаў…

— У Беларусі гэта сапраўды першае кніжнае выданне, прычым як лістоў Васіля Быкава, так і Рыгора Барадуліна. На мой погляд, гэтае ліставанне цікавае яшчэ і тым, што працягвалася яно напрацягу 43 гадоў, пачынаючы з 1960 года. Па працягласці і колькасці лістоў (да таго ж лістоў менавіта да блізкага сябра), думаю, ніякае іншае ліставанне не можа з ім параўнацца. Зрэшты, аб суперніцтве тут гаворкі няма, тым больш што не меншую цікавасць для даследчыкаў творчасці Быкава прадстаўляе ліставанне Васіля Ўладзіміравіча з Аляксандрам Твардоўскім, Ігарам Дзядковым, Алесем Адамовічам, Віктарам Астаф’евым, Рыгорам Бакланавым, Лазарам Лазаравым, Валянцінам Аскоцкім. Там таксама ёсць Быкаў, якога не ведаў ніхто, акрамя, канешне, Ірыны Міхайлаўны і ягоных блізкіх сяброў.

-- Сяргей, вы вядомы журналіст, шмат хто памятае вас па папулярным штотыднёвіку «Имя» і «Белорусской деловой газете», па вельмі цікавым і глыбокім інтэрв’ю з беларускімі пісьменнікамі, у тым ліку з Васілём Быкавым. Чаму вы праяўляеце такую цікавасць да беларускай літаратуры?

— Напэўна, перадусім таму, што па адукацыі я ўсё ж такі філолаг, а вядома ж, што будучыні не бывае без мінуўшчыны. Акрамя таго, мне заўсёды былі цікавыя таленавітыя думаючыя людзі, якім ёсць што сказаць і ў каго ёсць чаму павучыцца незалежна ад таго, чым яны займаюцца: музыкай, тэатрам, кінематографам, літаратурай… Напрыклад, першае інтэрв’ю з Васілём Быкавым я зрабіў яшчэ ў 1990 годзе. Былі і іншыя сустрэчы і размовы: з Веніямінам Блажэнным (Айзенштадтам), Янкай Брылем, Мікалаем Матукоўскім, Булатам Акуджавай, Карласам Шэрманам, Святланай Алексіевіч, Генадзем Бураўкіным, Уладзімірам Вайновічам, Сяргеем Законнікавым, Юліем Кімам, Уладзімірам Някляевым, Уладзімірам Арловым, Васілём Сёмухай, Михасём Скоблай, канешне, з Рыгорам Барадуліным…

І затым, я люблю чытаць добрыя кнігі, напісаныя добрымі людзьмі. Васіль Быкаў - адзін з тых пісьменнікаў, чыю творчасць я вельмі люблю (асабліва ягоныя аповесці 60-70-х гадоў). Роўна як і паэзію і эсэістыку Рыгора Барадуліна. Да таго ж у абодвух выпадках можна і трэба казаць першым чынам аб бездакорным прыкладзе служэння літаратуры, што сёння ўжо не правіла, а выключэнне (зрэшты, гэта не мая думка - так казала аб Быкаве Святлана Алексіевіч). А у выпадку з Васілём Уладзіміравічам - гэта яшчэ і прыклад не толькі літаратурнай, але і чалавечай стойкасці, бо, мабыць, ніхто з беларускіх пісьменнікаў другой паловы ХХ стагоддзя не падвяргаўся такому ганенню і шэльмаванню, як Васіль Быкаў, і, тым не менш, не зламаўся (і гаворка не толькі аб 60-х гадах, але і аб апошнім перыядзе яго жыцця даўжынёй амаль у два дзесяцігоддзі). Невыпадкова расейскі крытык Ігар Дзядкоў назваў сваю кнігу аб Быкаве "Аповесць аб чалавеку, які выстаяў" (тая ж Алексіевіч казала, што менавіта Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў навучылі яе жыць без страху).

Зрэшты, тут ёсць яшчэ адзін момант: мяркую, хрушчоўская адліга шмат у чым вызначыла свабодалюбівасць быкаўскай думкі. Майму пакаленню таксама пашэнціла з "адлігай" - я маю на ўвазе гарбачоўскую перабудову. Цяжка, спадзяюся, што і немагчыма, пазнаўшы, што жа гэта такое - свабода слова, - адмовіцца ад яе. І калі ўжо казаць аб свабодзе слова, то ў першую чаргу варта, мяркую, казаць аб Васіле Быкаве - гаворка не толькі аб ягоных мастацкіх творах, але і аб публіцыстыцы і ізноў жа проста аб чалавечым прыкладзе. Хаця і гэты прыклад паходзіць сёння на выключэнне з агульнага правіла. Тым не менш ён быў і ёсць. І я аддаю перавагу пісаць аб гэтым выключэнні, чым аб "агульным правіле".

Нарэшце, жыццё Васіля Ўладзіміравіча, цікавае нават са звычайнага журналісцкага пункту гледжання - там столькі тэм і гісторый, філасофіі і глыбіні, што пісаць аб гэтым можна бясконца. Гэта прадмет даследавання, хочацца спадзявацца, не толькі майго, але і наступных пакаленняў. Сапраўды гэтак жа, як беларуская нацыя і гісторыя даўно ўжо неймаверныя без імёнаў Багдановіча, Купалы, Коласа і Караткевіча, нельга зараз уявіцьбеларусаў без Быкава. Дакладна заўважыў Рыгор Іванавіч, што чым больш Быкава імкнуцца "замаўчаць", тым большы да яго ўзнікае цікавасці. Гэта класік, незалежна ад нашага ці нечага жадання-нежадання.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках