9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотафакт. Менчукі абараняюць Лошыцкі парк

4

Каля 150 чалавек прынялі ўдзел у акцыі ў абарону Лошыцкага парка, якая адбылася ўвечар 21 ліпеня ў Менску.

Прычынай правядзення акцыі стаў санкцыянаваны гарадскімі ўладамі пачатак земляных і будаўнічых прац на тэрыторыі старадаўняга парка.

Акцыя пачалася ў 20.00. Першыя 15 хвілін каля двух дзясяткаў яе ўдзельнікаў — грамадскія актывісты і проста жыхары Менска — стаялі каля цэнтральнага ўваходу ў парк з плакатамі, на якіх было напісана: "Я люблю Лошыцкі парк". Затым яны адправіліся да цэнтральнай сядзібы — там сабралося ўжо каля паўтары сотні чалавек, пратэстуючых супраць распачатых прац па рэканструкцыі парка.

"Мы павінныя здзівіць сваіх унукаў садам, якому 100 гадоў, — заявіла на імправізаваным мітынгу адна з арганізатараў акцыі мастачка Ніка Сандрос. — Усе працы, якія вядуцца цяпер у парку, павінныя быць замарожаныя. Мы павінныя думаць, што рабіць для таго, каб парк, пачатак якога быў закладзены ў XVI стагоддзі, быў захаваны для нашых нашчадкаў. Сённяшняя акцыя — гэта першы штуршок да таго, каб захаваць Лошыцу".

Па словах Н.Сандрос, праз два тыдні ў парку плануецца правесці мастацкі пленэр, удзельнікі якога будуць маляваць маляўнічыя куткі Лошыцы.

Людзі, якія сабраліся, прынялі зварот да кіраўніцтва Менгарвыканкама, у якім выяўленая занепакоенасць пачаткам прац па рэканструкцыі парка. "Ні будаўнікі, ні адміністрацыя парка не могуць прадставіць план рэканструкцыі. Разам з тым, бясконца цыркулююць чуткі аб тым, што парк будзе пераўтвораны ў забаўляльную зону", — гаворыцца ў звароце.

Удзельнікі акцыі запатрабавалі апублікаваць у СМІ план рэканструкцыі парка, правесці грамадскую дыскусію з удзелам спецыялістаў — эколагаў і гісторыкаў, а таксама прыпыніць на час абмеркавання ўсе працы, што праходзяць у Лошыцы.

Акцыя доўжылася каля гадзіны.

Па інфармацыі старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, план рэканструкцыі прадугледжвае поўную змену ландшафту старадаўняга парка. У прыватнасці, ад вялікага пладовага саду застанецца толькі невялікая частка.

Цэнтрам Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу XVIII—XIX стагоддзяў, размешчанага на паўднёвай ускраіне Менска, у месцы зліцця рэк Свіслач і Лоша, з'яўляецца Лошыцкі сядзібны дом. Сядзіба стаіць на грэбні поймавай тэрасы, мае асіметрычную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, складаецца з драўлянага аднапавярховага і прыбудаванага да яго тарцу цаглянага двухпавярховага аб'ёмаў. У дэкаратыўным афармленні фасадаў выкарыстаныя драўляныя разьбяныя дэталі, у тым ліку слупы галоўнага ўваходу, аконныя налічнікі і карнізныя паясы. У інтэр'еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўванне сцен дубовымі панэлямі і каляровыя кафлі. У пісьмовых крыніцах першае згадванне аб Лошыцкім сядзібным доме датуецца канцом XVI — пачаткам XVII стагоддзяў. У гэтым доме ў свой час бывалі шматлікія вядомыя дзеячы беларускай культуры, у тым ліку класік айчыннай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч.

Фота Антон Мотолько TUT.BY

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках