Навумаў нярвуецца
13- 23.07.2008, 17:14
23 ліпеня ў Гомелі, адказваючы на пытанні журналістаў, міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў заявіў, што расследаванне крымінальнай справы аб выбуху ў Менску 4 ліпеня "не перарываецца ні на хвіліну".
"Ёсць вызначаныя рухі, якія наладжваюць нас на тое, што дадзенае злачынства будзе раскрыта", — сказаў ён.
У абласным цэнтры Ў.Навумаў удзельнічае ў паседжанні калегіі УУС Гомельскага аблвыканкама, паведамляе БелаПАН.
"У апошнія гады мы, адзначыўшы значную стабілізацыю, трохі згубілі тую пільнасць, якая неабходная супрацоўнікам, і калі б гэтая пільнасць была больш высокай, мы бы мелі скаргі ад грамадзян, якія пыталі бы, чаму мы гэта робім, або абураліся тымі нязручнасцямі, якія мы ствараем. Алгарытм дзеянняў не змяніўся толькі дзякуючы таму, што цяпер і грамадзяне разумеюць, у чым праблема, і супрацоўнікі міліцыі сталі больш пільныя. Вось гэтае разуменне дазваляе і грамадзянам адчуваць сябе абароненымі і працаўнікам міліцыі выконваць свае абавязкі", — упэўнены Ў.Навумаў.
Па словах кіраўніка сілавога ведамства, у расследаванні міліцыі не абыйсціся без дапамогі грамадзян, таму хуткім часам у СМІ будуць апублікаваныя фатаграфіі падазраваных, і грамадзян папросяць звярнуцца ў праваахоўныя органы, калі на гэтых здымках яны апазнаюць каго-небудзь. "Гэта будзе спрыяць раскрыццю злачынства", — лічыць міністр.
"Мы і самі разумеем, што злачынства трэба раскрыць у максімальна кароткія тэрміны. І дзесьці нашая нярвовасць, спешка ледзь-ледзь адбіваюцца на тым, што мы яшчэ працуем у гэтым напармку", — адзначыў У.Навумаў. Ён выказаў падзяку ўсім структурам, якія дапамагаюць у расследаванні выбуху, заўважыўшы, што ў раскрыцці дадзенага злачынства МУС узаемадзейнічае з Інтэрполам.