27 снежня 2024, Пятніца, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як руйнуюцца дыктатуры: 20 гадоў «аксамітнай» рэвалюцыі ў Чэхіі і Славакіі (Фота, відэа)

28
Як руйнуюцца дыктатуры: 20 гадоў «аксамітнай» рэвалюцыі ў Чэхіі і Славакіі (Фота, відэа)

17 лістапада – Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў Чэхіі і Славакіі.

Народы гэтых краінаў узгадваюць пра трагічныя падзеі 1939 года і адзначаюць гадавіну «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 года.

28 кастрычніка 1939 пражскія студэнты вышлі на дэманстрацыю, прысвечаную гадавіне ўтварэння чэхаславацкай дзяржавы. Чэхаславакія да таго часу была акупаваная нацысцкай Германіяй і існавала ў выглядзе марыянеткавай дзяржавы Пратэктарат Багеміі і Маравіі, таму выступ студэнтаў быў задушаны гестапа, паведамляе радыёстанцыя «Эхо Москвы».

Гібель аднаго з удзельнікаў дэманстрацыі выклікала новыя акцыі пратэсту, якія скончыліся 17 лістапада пакараннямі смерцю і масавымі арыштамі чэхаў і славакаў, а таксама закрыццём усіх вышэйшых адукацыйных установаў.

Праз 50 гадоў, 17 лістапада 1989 года, пачаліся студэнцкія дэманстрацыі, накіраваныя ўжо супраць камуністычнага рэжыму. Як паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь», спачатку студэнцкая акцыя была параўнальна нешматлікай, але па меры набліжэння да цэнтра Прагі, да калоны далучаліся людзі, і ў ёй ішлі ўжо да 50 тысячаў чалавек. Дэманстранты патрабавалі, перш за ўсё, свабодных выбараў, адстаўкі Генеральнага сакратара Камуністычнай партыі Чэхаславакіі Мілаша Якеша, адмены манаполіі Камуністычнай партыі Чэхаславакіі.

Дзеянні паліцыі ў адказ былі незвычайна жорсткія. Каля васьмі гадзінаў вечара кардоны паліцыі заблакавалі каля 2 000 чалавек на Нацыянальным бульвары непадалёк ад Вацлаўскай плошчы і перагарадзілі дарогу частцы працэсіі, якая засталася. Пры гэтым дэманстранты працягвалі паводзіць сябе дысцыплінавана, некаторыя з іх скандавалі: «Вашая задача абараняць нас», «Мы бяззбройныя».

Дэманстрацыя была жорстка разагнаная. Паводле дадзеных камісіі Федэральнага сходу Чэхаславацкай Федэратыўнай Рэспублікі ад 9 траўня 1990 года ў той дзень на Нацыянальным бульвары раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі больш за 500 чалавек. Дзеянні паліцыі былі настолькі жорсткімі, што неадкладна з'явіліся чуткі пра загінулых.

Пасля гэтага падзеі развіваліся імкліва. У знак салідарнасці са збітай моладдзю студэнты абвесцілі страйк і адмаўляліся наведваць заняткі. Да іх далучыліся выкладчыкі, акцёры тэатраў, інтэлігенцыя. Кожны вечар у цёмных вокнах і на вуліцах запальваліся мільёны свечак. 19 лістапада ў Клубе драматургіі ў прысутнасці прадстаўнікоў культуры, незалежных ініцыятываў, студэнтаў і грамадзянаў быў створаны Грамадзянскі форум. Такім чынам, адбылося аб'яднанне палітычнай апазіцыі. З'явілася арганізацыя, якая прадстаўляла апазіцыйныя сілы ў дыялогу з дзеючым урадам.

Безумоўна, студэнцтва стала каталізатарам пераменаў. Людзі старэйшыя выдатна памяталі, што папярэдняя спроба дэмакратызацыі ў 1968-м скончылася ўводам савецкіх танкаў і насцярожана ставіліся да выступаў. Але запал маніфестантаў быў такі пераканаўчы, што паступова да пратэстаў далучыліся ўсе пласты насельніцтва. У Празе, а паступова і ў іншых гарадах Чэхіі і Славакіі на працягу тыдня праходзілі масавыя сходы грамадзянаў, якія выказвалі незадавальненне дзеючым урадам, патрабавалі рэформаў і паскарэння працэсаў дэмакратызацыі

25 і 26 лістапада на Леценскім полі ў Празе - сабраліся каля 700 000 чалавек. У іх руках былі запаленыя свечкі салідарнасці, партрэты лідэра «Пражскай вясны» 1968-га года Аляксандра Дубчака і «вогненнага сімвала супраціву» Яна Палаха. 27 лістапада па ўсёй краіне быў абвешчаны ўсеагульны двухгадзінны страйк з патрабаваннем адстаўкі ўрада і свабодных выбараў. Сігналам да яго стаў гук сірэны.

Развіццё падзеяў абвергла прагнозы шмат якіх экспертаў, у тым ліку, і некаторых чэхаславацкіх дысідэнтаў. Падзеі тых дзён паказалі, што тэорыя пра вечна паслухмяных чэхаў і славакаў - гэта легенда.

Камуністычнае кіраўніцтва ўсвядоміла, што краіна выйшла з-пад іх кантролю. Спачатку народ спрабавалі супакоіць асобнымі саступкамі, але такія прапановы не паспявалі за патрабаваннямі. Вынікам супрацьстаяння стала прызначэнне свабодных выбараў на 29 снежня 1989 года, на якіх перамогу абсалютнай большасцю галасоў атрымаў Вацлаў Гавал.

Калі б у пачатку лістапада хто-небудзь сказаў бы, што праз два месяцы дысідэнт-драматург з «воўчым білетам», якога забаронена было браць на любую працу, стане прэзідэнтам, яго б паднялі на смех. Напэўна, гучней за усіх бы смяяўся сам Гавал. Але такія былі фантастычныя вынікі аксамітнай рэвалюцыі.

«Аксамітная рэвалюцыя» лістапада 1989 года назаўжды змяніла свет і пераканаўча прадэманстравала перавагі дэмакратычных пераўтварэнняў. Новае кіраўніцтва адмовілася пераследваць па законе кіраўнікоў паліцыі і камуністычнага ўрада. У гэтага рашэння да гэтага часу шмат крытыкаў. Але сёння Чэхія ўпэўнена ідзе па шляху свабоды і росквіту. Пра тыя падзеі не шкадуюць нават тыя, хто спрабаваў іх не дапусціць.

Гадавіну рэвалюцыі шырока адзначаць у Чэхіі і Славакіі

У аўторак у цэнтры Прагі людзі пройдуць шэсцем па слядох той студэнцкай дэманстрацыі, з якой усё і пачыналася. Затым на Народным праспекце выступіць галоўны герой «аксамітнай» рэвалюцыі першы прэзідэнт незалежнай Чэхіі Вацлаў Гавал.

Як паведамляюць «Вести», улады Прагі вырашылі па-свойму нагадаць пра падзеі таго часу: сёння жыхары чэшскай сталіцы змогуць прабегчыся па крамах за дэфіцытам ці пастаяць у доўгай чарзе за прадуктамі па сацыялістычных коштах.

Па сканчэнні 20 гадоў пераважная большасць чэхаў пазітыўна ацэньвае перамены, якія адбыліся ў іх краіне. «Аксамітная» рэвалюцыя, на думку двух трацінаў грамадзянаў рэспублікі, стала ключавой падзеяй у сучаснай гісторыі дзяржавы. Галоўнымі заваёвамі лістапада 1989 года яны лічаць дэмакратычныя свабоды і свабоду прадпрымальніцтва.

Адзначаюць 20-годдзе «аксамітнай» рэвалюцыі і ў суседняй Славакіі. У найбуйнейшых гарадах краіны пройдуць выставы дакументаў і фатаграфіяў, канцэрты і сустрэчы з удзельнікамі падзеяў 17 лістапада 1989 года. Аднак у Славакіі, якая абвесціла дзяржаўную незалежнасць 1 студзеня 1993 года, юбілейныя мерапрыемствы праходзяць больш сціпла, чым у Чэхіі.

На мінулым тыдні ў Нямеччыне шырока адзначылі падзенне Берлінскай сцяны.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках