23 лiстапада 2024, Субота, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Слуцкі Збройны Чын» – барацьба за еўрапейскую Беларусь

32
«Слуцкі Збройны Чын» – барацьба за еўрапейскую Беларусь

27 лістапада беларусы адзначаюць Дзень Герояў - гадавіну пачатку баявых дзеянняў паміж часткамі Чырвонай Арміі і Слуцкай брыгадай арміі БНР.

Два гады, з 1919 па 1920, ішла вайна паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Асноўныя баявыя дзеянні ішлі на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Скончылася яна падпісаннем Рыжскага міру 12 кастрычніка 1920 года. Нягледзячы на тое, што беларусы не былі нават запрошаныя на мірныя перамовы і яны праходзілі без іх удзелу, тэрыторыя нашай краіны была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расеяй.

Гэтая падзея выклікала хвалю абурэння сярод прыхільнікаў незалежнасці Беларусі, якія не пакідалі надзеі на аднаўленне БНР, абвешчанай за два гады да гэтых падзеяў. У шмат якіх раёнах краіны пачаліся ўзброеныя выступы супраць Чырвонай Арміі, што наступала з усходу.

Найбольшага поспеху дасягнулі дзеянні Слуцкага і Гразаўскага палкоў арміі Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёння гэтыя дзеянні вядомыя пад назвай «Слуцкі Збройны Чын».

Слуцк быў адным з самых вялікіх гарадоў на поўдні цэнтральнай Беларусі, а сама гэтая тэрыторыя – адным з найбагацейшых рэгіёнаў краіны, яе жытніцай. Яна адрознівалася традыцыйна высокім узроўнем адукацыі і моцным нацыянальна-дэмакратычным рухам, які падтрымлівалі і інтэлігенцыя і сяляне.

Час, калі палякі адступілі, а Чырвоная Армія яшчэ не прыйшла, беларускія патрыёты ў Слуцку выкарысталі для арганізацыі барацьбы за вольную Беларусь, за ўсталяванне ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у сакавіку 1918 года.

14 лістапада 1920 года быў скліканы з'езд, які абраў часавы ўрад – Раду Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам. Рада пачала стварэнне вайсковых фармаванняў, была абвешчаная мабілізацыя, якая прайшла вельмі актыўна сярод насельніцтва Слуцкага павета. У хуткім часе агульная колькасць ваенізаваных атрадаў склала больш за 5000 чалавек.

Рада сфармавала два палкі: Першы Слуцкі полк пад камандаваннем падпалкоўніка Ахрэма Гаўрыловіча і Другі Грозаўскі полк пад камандаваннем капітана Семенюка. Паказальна, што Другі Грозаўскі полк быў сфармаваны выключна з моладзі. Гэтыя два палкі ўтварылі Слуцкую брыгаду пад камандаваннем капітана Пятра Чайкі. Камандаванне войскамі, у сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі, было размешчанае ў мястэчку Семежава.

27 лістапада 1920 года пачаліся баі паміж беларускімі ўзброенымі фармаваннямі і савецкімі войскамі.

Слуцкая брыгада правяла некалькі паспяховых атакаў паблізу ад Копыля, Цімкавічаў і Вызны (зараз – Чырвоная Слабада). Яе дзеяння падтрымлівала не толькі мясцовае насельніцтва, але і жаўнеры Чырвонай Арміі, шмат хто з якіх самі былі сялянамі з цэнтральных, «хлебных» рэгіёнаў Расеі. Яны ўжо на сабе ведалі, што нясе бальшавізм і пераходзілі на бок беларусаў ці проста дэзертыравалі.

Тады савецкае камандаванне змяніла тактыку і кінула на фронт часткі, сфармаваныя з башкіраў і кітайцаў. 4 снежня пачаўся новы наступ Чырвонай арміі, сілы якой шматкроць пераўзыходзілі колькасць Слуцкай брыгады. Нягледзячы на колькасную перавагу ворага, яго жорсткасць і недахоп харчавання і амуніцыі сярод беларускіх войскаў, супраціў працягваўся каля месяца. Толькі 31 снежня 1920 года Слуцкая брыгада з баямі адышла на польскую тэрыторыю.

Частка жаўнераў працягвала ўзброены супраціў савецкай уладзе ў складзе войскаў Булак-Балаховіча, Зялёнай арміі і іншых партызанскіх фармаванняў.

Барацьба за свабоду ў Беларусі мае шмат гераічных старонак, але «Слуцкі Збройны Чын» істотна адрозніваецца ад іншых. Ён быў добра падрыхтаваным, меў выразную, яскравую палітычную праграму – незалежнасць і абарона БНР. Гэта была адна з першых акцыяў нацыянальнага руху з выразным праеўрапейскім кантэкстам. Лідэры Рады Случчыны звярнуліся менавіта да еўрапейскай супольнасці з просьбай аб дапамозе ў барацьбе. На жаль, «старая» Еўропа праігнаравала просьбы беларусаў. Потым падобныя памылкі, а менавіта ігнараванне правоў невялікіх народаў каб дагадзіць таталітарным дыктатурам, будуць здзяйсняцца неаднаразова. Неадранарзова Еўропа заплаціць за гэтыя памылкі велізарны кошт.

Хацелася б адзначыць яшчэ адзін бок тых падзеяў.

Усе жаўнеры Слуцкай брыгады, усе лідэры нацыянальнага руху на Случчыне ведалі, што сілы ворага нашмат большыя і ўзброеныя яны нашмат лепш. Але ніхто пры гэтым не думаў пра тое, варта ваяваць ці не. Яны ішлі і ваявалі. Часам ішлі без зброі, часам ішлі без ежы і абмундзіравання. Тады ніхто не баяўся вайны за сваю краіну і яе будучыню. Бацькі з гонарам адпраўлялі сваіх сыноў абараняць радзіму і свабоду.

Гераічнасці, адвазе і мужнасці вучыць «Слуцкі Збройны Чын» нас, сучасных патрыётаў Беларусі. Толькі так, не думаючы пра сябе, не думаючы пра тое, наколькі моцны вораг, можна абараніць сваю свабоду і сваю краіну.

Яўген Афнагель, «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках