Верніку пагражае турма за патрабаванне выконваць Канстытуцыю
2- 5.11.2009, 12:18
За спробу рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права чалец рэлігійнай супольнасці «Сведкі Іеговы» Дзмітры Смык можа патрапіць на два гады за краты.
Крымінальная справа супраць верніка была ўзбуджаная пасля таго, як малады чалавек запатрабаваў рэалізацыі свайго права на альтэрнатыўную вайсковую службу ў адпаведнасці з арт. 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Разгляд справы адновіцца ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 6 лістапада, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».
Як чалец супольнасці «Сведкі Іеговы» Дзмітры Смык не можа служыць у арміі ці трымаць у руках зброю, бо гэта супярэчыць яго рэлігійным перакананням. Тым не менш, калі Смык запатрабаваў праходжання альтэрнатыўнай службы, ваенкамат не дазволіў верніку рэалізаваць яго канстытуцыйнае права, матывуючы гэта тым, што ў Беларусі не прыняты закон аб альтэрнатыўнай вайсковай службе. Замест гэтага ваенкамат звярнуўся ў пракуратуру. Пракуратура зрабіла выснову, што Смык парушыў указ прэзідэнта аб летнім прызыве, у якім не казалася пра альтэрнатыўную службу, і ўзбудзіла супраць яго справу па артыкуле 435 Крымінальнага Кодэкса «Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу».
Судовыя паседжанні ўжо адбыліся 19 і 29 кастрычніка, але былі перанесеныя, бо з ваенкамата былі запатрабаваныя дадатковыя матэрыялы.
У выпадку, калі суд у асобе суддзі Рыгора Дзмітрэнкі палічыць, што ўказ Лукашэнкі вышэй за Канстытуцыю і Дзмітры Смык будзе прызнаны вінаватым, яму пагражае буйны штраф, абмежаванне волі ці пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.