Лукашэнка: «Сыход ад Расеі – мая палітычная смерць»
120- 3.12.2009, 15:17
У дзень, калі прэм'ер Расеі заявіў, што Беларусь павінна паступіцца сваёй незалежнасцю, Лукашэнка заявіў, што гатовы зрабіць усё, што «было б выгодна расейскаму чалавеку».
Сёння беларускі правіцель заявіў, што ён ніколі «не паварочваўся ні налева, ні направа, ні ў бок Амерыкі, ні спіной да Расеі».
«Лукашэнка, у адрозненне ад кіраўніцтва Расеі, правёў рэферэндум па нашых адносінах з Расейскай Федэрацыяй. Адступленне ад палітыкі збліжэння з Расеяй - гэта «палітычная смерць» Лукашэнкі», - адзначыў ён у Менску, сустракаючыся з дэлегацыяй Прыволжскай федэральнай акругі РФ на чале з паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта Расеі Рыгорам Рапотам, паведамляе «Інтэрфакс».
Беларускі правіцель падкрэсліў, што «Беларусь ніколі не паварочвалася ні налева, ні направа, ні ў бок Амерыкі, ні спіной да Расеі». «Мы абсалютна не ствараем ніякіх праблем ні Расеі, ні Прыбалтыцы, ні Польшчы, ні Украіне, ні Еўразвязу, ні Амерыцы», - сказаў Лукашэнка.
Таму, паводле яго словаў, «Расея павінна разумець, што мы - дзяржава, і павінны ўсталёўваць нармалёвыя адносіны перш за ўсё з суседзямі». «Таму не трэба нервова рэагаваць на нашы адносіны з Украінай, з якой у нас велізарны таваразварот», - адзначыў правіцель.
Па словах Лукашэнкі, «яны ідуць нам насустрач. Украіна гатовая прадаваць нам электраэнергію. Мы ж туды прадаем сваю прадукцыю, ствараем сумесныя прадпрыемствы». Таму ён прапанаваў «выкарыстаць добрыя адносіны Беларусі з Украінай на карысць, у тым ліку, Расеі».
Акрамя таго, беларускі кіраўнік заклікаў расейскі бок «не рэагаваць нервова на нашы адносіны з Еўрапейскім звязам». «Не трэба нас падазраваць, што мы залішне адвярнуліся ад Расеі. Мы ніколі нікуды не паварочваліся і не павернемся. На адзін крок Расеі ў накірунку да Беларусі мы зробім насустрач Расеі дзесяць крокаў», - падкрэсліў Лукашэнка.
Між тым, ён сказаў: «Скажу адкрыта: мы не будзем глуханямымі, калі нас пачынаюць залішне нахіляць, штурхаць, у шкоду працаваць. Мы на гэта будзем рэагаваць». «Мы гэтага не заслужылі ад нашых найбліжэйшых братоў, калі на нас здзяйсняецца ціск, нас пачынаюць валакіціць. Тым больш, калі я пра гэта сапраўды і адкрыта кажу. Адкрыта кажу, таму што мы не маем выхаду на вашу прастору ў СМІ», - адзначыў беларускі прэзідэнт.
Таму Лукашэнка заявіў, што вымушаны запрашаць у Беларусь расейскіх журналістаў і адказваць на іх вострыя пытанні. «І не трэба на гэта крыўдзіцца. Я там нічога новага не сказаў», - заявіў ён.
Паводле яго словаў, «мы - абсалютна адзін народ». «Мы хочам, каб наш старэйшы брат - расеец, ставіўся да нас, як да малодшага брата. Дзесьці пажурыў, але ніколі не кідаў, ніколі не крыўдзіў, не нахіляў і не папракаў, што мы там гіра на нагах», - сказаў А.Лукашэнка.
«Мы гатовыя пакласці ў скарбонку нашых адносін гэтулькі, каб было выгодна, перш за ўсё, расейскаму чалавеку, а нам гэта будзе выгодна тым больш», - адзначыў дыктатар.
Нагадаем, што сёння падчас прамой лініі з расейцамі прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што аб'ём расейскай дапамогі Беларусі павінен быць сінхранізаваны з працэсамі інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы».
«Ёсць розныя накірункі супрацоўніцтва (паміж двумя краінамі), але беларускаму кіраўніцтву хацелася б паболей. Мусіць, і гэта таксама магчыма, але гэта павінна быць сінхранізавана, па маім глыбокім перакананні, з працэсамі інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы», - заявіў Пуцін.
«Чым глыбейшая гэтая інтэграцыя, тым больш магчымасцяў пераходзіць на ўнутрарасейскія кошты і стандарты, у тым ліку і па энерганосьбітах», - падкрэсліў расейскі прэм'ер.