28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гаагскі трыбунал выдаў ордэр на арышт сябра Лукашэнкі

12
Гаагскі трыбунал выдаў ордэр на арышт сябра Лукашэнкі

Міжнародны крымінальны трыбунал абвінаваціў прэзідэнта Судану ў вайсковых злачынствах у Дарфуры і выдаў ордэр на ягоны арышт.

Аб гэтым, паведамляе Reuters са спасылкай на неназваных дыпламатаў ААН. Па іхніх словах, афіцыйна аб гэтым будзе абвешчана пазней у лютым.

Афіцыйны прадстаўнік трыбунала адмовіўся каментаваць гэтую інфармацыю, адзначыўшы, што рашэнне па гэтым пытанні прымуць суддзі. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, па словах ягонага афіцыйнага прадстаўніка, пакуль таксама не атрымліваў з гаагскага трыбунала ніякай інфармацыі на гэты конт.

Нагадаем, галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Луіс Марэна-Акампа прасіў выдаць ордэр на арышт прэзідэнта Судану Амара Хасана аль-Башыра ў ліпені 2008 года, абвінаваціўшы аль-Башыра ў генацыдзе, вайсковых злачынствах і злачынствах супраць чалавецкасці ў Дарфуры.

Прад'яўленыя аль-Башыру абвінавачванні адносяцца да канфлікту ў суданскім рэгіёне Дарфур, які абвастрыўся ў 2003 годзе. Этнічныя негрыцянскія плямёны, якія пражываюць у Дарфуры, патрабавалі ад арабскага ўрада краіны большай незалежнасці, што ў выніку прывяло да сутыкненняў з узброенымі сіламі Судану. У адказ на гэта ўлады пачалі супраць паўстанцаў вайсковую кампанію, у якой на баку ўрада ўдзельнічаюць узброеныя групоўкі арабаў.

Па адзнацы ААН, усяго падчас канфлікту ў Дарфуры каля 2,5 млн чалавек засталіся без прытулку, а колькасць загінулых дасягае 300 тысяч. У 2007 годзе ў Судане быў размешчаны сумесны міратворчы кантынгент ААН і Афрыканскага саюза.

У 2007 годзе Міжнародны крымінальны трыбунал выдаў ордэры на арышт суданскага міністра Ахмада Харуна і камандуючага ўнутранымі сіламі бяспекі Алі Кушаяба, аднак Хартум адмовіўся выдаваць іх, заявіўшы, што краіна сама можа разабрацца з пытаннем аб вайсковых злачынствах.

Рашэнне суду стала прэцэдэнтным, бо раней ні адзін дзейсны кіраўнік дзяржавы не падлягаў арышту.

Лукашэнку вінавацілі ў пастаўках зброі Судану

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, у 2002 годзе амерыканскае выданне «Вашынгтон пост» апублікавала матэрыял аб тым, што «беларускае ўзбраенне выкарыстоўвалася для вядзення грамадзянскіх войн і распальвання ўнутранай розні ў такіх краінах, як Таджыкістан, Ангола і Алжыр. Асабліва насцярожвае тое, што Судан — краіна, у якой у свой час пражываў Усама бэн Ладэн і якая славіцца гняздом тэрарызму, набыла ў Беларусі такое надзейнае і функцыянальнае ўзбраенне, якім, безумоўна, з'яўляюцца танкі Т-55 і баявыя верталёты Мі-24».

Прэзідэнт Судану ў 2004 годзе знаходзіўся з візітам у Беларусі і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкай.

Швейцарская газета «Neue Zuercher Zeitung» тады напісала: «Беларусь усё больш настойліва заяўляе аб сабе як аб актыўным памочніку краін, якія падазраюцца ў тэрарызме. Нягледзячы на тое, што суданскі ўрад крытыкуюць ва ўсім свеце за ягоныя адносіны да неарабскага насельніцтва, Лукашэнка аказвае ваенную падтрымку Хартуму. Вялікая частка беларускага экспарту ў Судан – гэта былыя савецкія арсеналы».

У 2006 годзе ў Судан прыязджаў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і сустракаўся з аль-Башырам, які, з’яўляючыся прэзідэнтам, кіруе таксама ўрадам. Кіраўнік МЗС уручыў прэзідэнту Судану пасланне Аляксандра Лукашэнкі, прысвечанае пытанням актывізацыі беларуска-суданскіх адносінаў.

А у 2008 годзе амерыканскі часопіс Parade апублікаваў спіс горшых дыктатараў свету, якія жывуць цяпер, што складаецца з 2003 года пры падтрымцы арганізацый Freedom House, Amnesty International, Human Rights Watch і Reporters Without Borders. У яго патрапілі і Амар Хассан аль-Башыр, і Аляксандр Лукашэнка.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках