Асуджаныя чальцы асацыяцыі «Гонар», якой кіравалі Сівакоў і Паўлічэнка
10- 3.02.2009, 9:21
Маскоўскі суд Менска вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе супраць супрацоўнікаў сілавых структураў.
На лаве падсудных - 6 чалавек. На незаконных фінансавых аперацыях яны зарабілі больш за 150 мільёнаў даляраў.
Як выявіла следства, кіраўніком злачыннай групы быў Андрэй Шырэй. Ён і 6 яго змоўшчыкаў арганізавалі больш за 20 падстаўных фірмаў. Праз гэтыя кампаніі ажыццяўляўся абмен безнаяўных беларускіх рублёў на наяўныя даляры. Кліенты ў Шырэя былі самыя розныя - ад дробных прадпрымальнікаў да буйных дзяржаўных кампаніяў.
«Гэта чалавек, які раней неаднаразова быў асуджаны, асуджаны ён у тым ліку і за ілжэпрадпрымальніцкую дзейнасць. Судзімасць не пагашаная, гэта значыць чалавек, які рэгулярна займаўся злачыннай дзейнасцю. Так, сапраўды ён займаў пасаду камерцыйнага дырэктара асацыяцыі «Гонар», -- паведаміў Сяргей Кунаш, дзяржаўны абвінаваўца тэлеканалу АНТ.
Пры затрыманні ўдзельнікаў злачыннай групы ў іх канфіскавалі толькі гатоўкай больш за 270 тысячаў даляраў, дзясяткі кампутараў і ноўтбукаў, на разліковых рахунках падстаўных фірмаў арыштавана каля 700 тысячаў даляраў. Сама крымінальная справа змясцілася ў 250 тамоў. За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць удзельнікі злачыннай групы атрымалі розныя тэрміны ад 2 да 5 гадоў, акрамя таго ў іх будзе канфіскаваная ўся маёмасць. Сам Шырэй адправіцца ў калонію на 6 гадоў. Але самае галоўнае, што ўсе ўдзельнікі злачыннай групы абавязаныя выплаціць дзяржаве больш за 150 мільёнаў даляраў.
Варта адзначыць, што раней асацыяцыяй «Гонар» кіравалі экс-міністр унутраных справаў Юры Сівакоў і былы камандзір САХРа Дзмітры Паўлічэнка.