19 траўня 2024, Нядзеля, 10:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы крытыкуюць заяву Міклашэвіча пра «рэферэндум»

3

Беларускія праваабаронцы выказваюць занепакоенасць словамі старшыні Канстытуцыйнага суда Беларусі Пятра Міклашэвіча аб неабходнасці правядзення рэферэндума для адмены смяротнага пакарання ў краіне.

Аб тым, што пытанне аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, можа быць вырашана толькі на рэферэндуме, заявіў старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётар Міклашэвіч на прэс-канферэнцыі 11 сакавіка.

Паводле ягоных словаў, «у Канстытуцыі закладзены асобы парадак, што датычыцца адмены смяротнага пакарання».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зазначае, што выказванне Пятра Міклашэвіча супярэчыць адпаведнаму Заключэнню Канстытуцыйнага суда, згодна з якім часовы характар смяротнага пакарання быў замацаваны ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь.

«Сённяшняе выказванне старшыні Канстытуцыйнага суда Пятра Міклашэвіча выклікае пэўную занепакоенасць. Таму што ёсць Заключэнне Канстытуцыйнага суда РБ ад 11 сакавіка 2004 года аб адпаведнасці Канстытуцыі РБ і міжнародным дамовам РБ палажэнняў Крымінальнага кодэксу РБ, якія прадугледжваюць прымяненне ў якасці пакарання смяротнага пакарання. Паводле гэтага Заключэння, Канстытуцыйны суд лічыць, што ч. 3 арт. 24 Канстытуцыі, якая ўсталёўвае магчымасць ужывання смяротнага пакарання ў якасці выключнай меры пакарання толькі да яе адмены, дазваляе прыняць рашэнне аб абвяшчэнні мараторыю на ўжыванне смяротнага пакарання ці аб поўнай адмене гэтага віду пакарання», - кажа праваабаронца.

То бок, у Канстытуцыі ўжо закладзены часовы характар смяротнага пакарання, зазначае ён.

«І, паводле гэтага Заключэння, абвесціць мараторый, прынамсі ў якасці першага кроку, можа ці глава дзяржавы, прэзідэнт, ці парламент. І, адпаведна, для гэтага не патрабуецца ніякага правядзення рэферэндуму. Таксама ў гэтым Заключэнні адзначана, што вынікі рэферэндуму 1996 году, падчас якога за захаванне смяротнага пакарання выказалася 80, 44% грамадзянаў, не насілі абавязковага характару», - падкрэслівае Валянцін Стэфановіч.

Таму праваабаронцы вельмі занепакоеныя тым, што сёння сказаў ПётарМіклашэвіч.

«І тут застаецца незразумелым – гэта новая пазіцыя новага старшыні Канстытуцыйнага суда, якая адрозніваецца ад пазіцыі папярэдніка, Васілевіча, і адпаведнага рашэння, прынятага ў 2004 годзе, ці сп.Міклашэвіч, магчыма, проста забыўся на гэтае рашэнне. Але ж узгаданае Заключэнне было прынятае і яно дзейнічае», – падсумаваў Валянцін Стэфановіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках