22 лiстапада 2024, Пятніца, 15:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прысуджаная да 2,5 год «хіміі» праваабаронца скончыла жыццё самагубствам

279
Прысуджаная да 2,5 год «хіміі» праваабаронца скончыла жыццё самагубствам

Праваабаронца Яна Палякова, асуджаная Салігорскім судом, скончыла жыццё самагубствам у ноч на 7 сакавіка.

Аб самагубстве Яны Паляковой сёння абвясцілі на Асамблеі няўрадавых арганізацый і ініцыятываў, якая праходзіць у Менску.

3 сакавіка судом Салігорскага раёна (суддзя Бураўцоў) быў вынесены прысуд па крымінальнай справе ў адносінах праваабаронцы Яны Паляковай.

Праваабаронцу асудзілі па частцы 2 артыкулу 400 Крымінальнага кодэкса РБ – «Загадзя ілжывы данос».

На дадзеным судовым паседжанні прысутнічалі праваабаронцы Леанід Мархотка і Валер Шчукін. Суд прысудзіў Я.Палякову да 2 год і 6-ці месяцаў абмежавання волі (так званай «хіміі»), а таксама запатрабаваў пакрыць «маральную шкоду» ў памеры аднаго мільёна рублёў у карысць пацярпелага ўчастковага міліцыі Пугачова В.А., які нядаўна выйшаў на пенсію.

Нагадаем, што ў лістападзе мінулага года вялікі рэзананс атрымала гісторыя з пераследам салігорскай праваабаронцы з боку праваахоўных органаў. Яна Палякова паведамляла, што за апазіцыйную дзейнасць яе неаднаразова затрымоўвалі супрацоўнікі міліцыі. Таксама паведамлялася, што ў аддзяленні жанчыну збівалі, а аднойчы ёй ледзь не зламалі руку. Неабходна дадаць, што Яна Палякова з'яўлялася сябрам ініцыятыўнай групы Вольгі Казулінай падчас апошніх выбараў у «парламент».

- Для Яны гэты прысуд быў шокам, -- пракаментаваў праваабаронца Валер Шчукін. - Я амаль цэлы дзень правёў у яе пасля гэтага суду, але яна паўтарала толькі адное: «Я не буду зэчкай». Для нармальнага чалавека гэта сапраўды шок. Памятаю, калі мяне пасадзілі ў першы раз, жонка саромелася ў горад выходзіць, ёй здавалася, што гэта ганьба. Мабыць, так і ў Яны адбылося. Яна бачыла поўную сваю бездапаможнасць, няздольнасць нешта супрацьпаставіць гэтаму ганенню. Я быў на шматлікіх судах, але суд над ёй быў сапраўдным судзілішчам.

Як судзілі Яну Палякову?

Валер Шчукін распавёў падрабязнасці працэсу над праваабаронцай Янай Паляковай:

--- Па абавязку праваабарончай дзейнасці я бываў на судовых працэсах у шматлікіх гарадах Беларусі, назіраў за працай дзясяткаў суддзяў, але з падобным экспрэс-працэсам сутыкнуўся ўпершыню. 3 сакавіка 2009 года прадстаўнік пракуратуры Салігорскага раёна абвясціў у зале суду пастанову аб прыцягненні Яны Паляковай у якасці абвінавачванай. Пры гэтым дзяржаўны абвінаваўца заяўляе, што крымінальная справа ўзбуджаная па патрабаванні пракуратуры Менскай вобласці. Салігорская пракуратура крымінальную справу ў адносінах Паляковай не ініцыявалі. Суддзя Бураўцоў дадзеную пастанову тут жа ўручае абвінавачванай.

Наступныя судзейскія дзеянні рэгламентаваныя артыкулам 316 КПК, які абвяшчае:

- у выпадку змены абвінавачвання (а менавіта гэта і адбылося, бо дзяржаўны абвінаваўца занёс змены ў абвінавачванне) судовы разгляд справы не можа быць пачаты раней за пяць сутак са дня ўручэння копіі змененай пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачванай.

Але суддзя Бураўцоў працягнуў паседжанне… неадкладна. Яне Паляковай не тое што пяці сутак - пяці хвілін не было прадастаўлена для вывучэння пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачванай. Суддзя нават не абвясціў перапынак у паседжанні, каб Яна магла азнаёміцца з пракурорскай пастановай.

Прычыну такога абуральнага парушэння працэсуальнага закона я бачу толькі адну -- гарачае жаданне суддзі Бураўцова зрабіць роднай міліцыі падарунак да свята: надаць салігорскай праваабаронцы статус зэка. Суддзя так спяшаўся, што па новым абвінавачванні не дапытаў ні пацярпелага міліцэйскага капітана, ні ягоных сведак-калегаў, не абвясціў матэрыялы справы.

Судзілішча над Янай Паляковай назваць працэсам язык не паварочваецца. Таму як адразу жа пасля прад'яўлення новага абвінавачвання дзяржаўны абвінаваўца пачаць выступаць… у спрэчках.

З гэтых двух працэсуальных элементаў і складаўся судовы працэс па абвінавачванні Яны Паляковай у здзяйсненні злачынства па частцы другой арт.400 КК (загадзя ілжывы данос у здзяйсненні службовай асобай цяжкага злачынства). Дзяржаўны абвінаваўца нават паказаў артыкул гэтага цяжкага злачынства - 426 (частка 3).

Называецца артыкул -- перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай, абразай пацярпелага).

Але гэта не зусім так, або, як кажуць у падобных выпадках, зусім не так.

З заявы Яны Паляковай у раённую пракуратуру:

«…Капітан Пугачоў В.А. прапанаваў мне падпісаць нейкія паперы. Калі я паспрабавала азнаёміцца з дадзенымі паперамі, па маёй правай руцэ, якая знаходзілася на стале, быў здзейснены моцны ўдар. Дадзены ўдар зрабіў капітан Пугачоў В.А. Ад рэзкага болю і ад сполаху я ўскочыла са стула, на якім сядзела.

Я не чакала такога ўчынку з боку дадзенага супрацоўніка міліцыі. У стане шоку, паспрабавала выскачыць з кабінета, пры гэтым, я павярнулася спіной да грамадзян, якія знаходзіліся ў кабінеце, і атрымала ўдар па абедзвюх нагах….

ПРАШУ:

-- пракурорскага рэагавання на дадзеныя дзеянні працаўнікоў Салігорскага РАУС, накіраваныя на прыгнечанне дэмакратычнага руху палітычнай актыўнасці замацаванай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

--прызначыць судова-медыцынскую экспертызу па фіксаванні наяўных у мяне целавых пашкоджанняў.»

З заявы Яны Паляковай у Менскую абласную пракуратуру:

«…Я, Палякова Яна Віталеўна, з'яўляюся сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Вольгі Аляксандраўны Казулінай.

З 26 жніўня 2008 года мне на хатні нумар, а пасля і на мабільны тэлефон, перыядычна паступалі тэлефанаванні з патрабаваннем сустрэцца, нібыта з супрацоўнікамі Салігорскага КДБ і даць тлумачэнні з нагоды майго ўдзелу ў зборы подпісаў у падтрымку Вольгі Казулінай.

У тэлефонных гутарках з дадзенымі асобамі, я прасіла прадаставіць мне належным чынам аформленую позву. На мае просьбы спачатку былі адмовы, а пасля пагрозы ў мой адрас і ў адрас маёй мамы.

Далей пачаліся тэлефанаванні, нібыта ад працаўнікоў міліцыі, мужчыны, якія тэлефанавалі, у сваю чаргу, ужо патрабавалі сустрэцца з імі і даць тлумачэнні з нагоды майго «нежадання» мець зносіны з прадстаўнікамі КДБ.

ПРАШУ:

-- пракурорскага рэагавання на дадзеныя дзеянні працаўнікоў Салігорскага РАУС, накіраваныя на прыгнечанне дэмакратычнага руху палітычнай актыўнасці замацаванай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь;

-- прызначыць судова-медыцынскую экспертызу па фіксаванні наяўных у мяне целавых пашкоджанняў;

-- адмяніць пастанову аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы ад 11 верасня 2008 года, вынесенай пракуратурай Салігорскага раёна.»

З заявы Яны Паляковай у Генеральную пракуратуру:

…ПРАШУ:

-- пракурорскага рэагавання на дадзеныя дзеянні працаўнікоў Салігорскага РАУС, на прыгнечанне дэмакратычнага руху палітычнай актыўнасці замацаванай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь;

-- прызначыць судова-медыцынскую экспертызу па фіксаванні наяўных у мяне целавых пашкоджанняў.

Ва ўсіх зваротах праваабаронцы Паляковай у пракуратуры не тое, што абвінавачванні, нават намёку няма на перавышэнне міліцэйскім капітанам Пугачовым улады або службовых паўнамоцтваў (гэта значыць здзяйснення апошнім злачынства, за якое прадугледжаная крымінальная адказнасць па ч.3 арт.426 КК).

І быць не можа! Нанясенне збіцця не можа выходзіць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадстаўленых па службе. Таму як ні Канстытуцыя, ні Крымінальна-працэсуальны кодэкс, ні Закон аб міліцыі (Аб органах унутраных спраў), ні пастановы Міністэрства ўнутраных спраў, ні распараджэнні начальнікаў, упраўленняў і аддзелаў унутраных спраў не надзяляюць супрацоўнікаў міліцыі правам збіваць грамадзян.

Як можна перавысіць уладу або службовыя паўнамоцтвы якіх няма?!

За дзеянні супрацоўніка міліцыі Пугачова і двух ягоных саўдзельнікаў (як і для любога іншага грамадзяніна) прадугледжаная крымінальная адказнасць па артыкуле 149 або 153 КК (наўмыснае прычыненне целавых пашкоджанняў).

Нажаль, усе пракуратуры Беларусі, адмовіліся прыняць меры па азначэнні ступені цяжкасці целавых пашкоджанняў у Яны Паляковай і усталяванні акалічнасцяў іх з'яўлення.

Падобныя міліцэйскія дзеянні (збіццё) не ёсць перавышэнне ўлады. Як не з'яўляюцца перавышэннем улады здзяйсненне супрацоўнікам міліцыі крадзяжу, ілжывыя паказанні ў судзе, згвалтаванне і таму падобныя злачынныя дзеі. Падчас судовага следства (на папярэднім паседжанні) было ўсталявана, што нумар тэлефона, з якога па начах пагражалі Яне паляковай, існуе і належыць… праваахоўнаму органу. Але да адказнасці за здзяйсненне злачынных дзеянняў супраць жыцця і здароўя салігарчанкі Паляковай ніхто не быў прыцягнуты. Нажаль, такія правілы, усталяваныя ў Беларусі кіруючым цяпер рэжымам.

Не прыцягнуты ніхто да адказнасці і за дзеянні, накіраваныя на прыгнечанне дэмакратычнага руху палітычнай актыўнасці замацаванай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. А менавіта ў гэтым (у прыгнечанні дэмакратычнага руху) і складалася сутнасць звароту праваабаронцы ў пракуратуру.

У два з паловай года «хіміі» (ссыланне на прымусовыя працы) ацаніў салігорскі суддзя Бураўцоў патрабаванні праваабаронцы Паляковай да пракуратуры спыніць супрацьпраўныя дзеянні, накіраваныя на прыгнечанне дэмакратычнага руху палітычнай актыўнасці. А доблеснаму міліцэйскаму капітану Пугачову за выяўленую адвагу ў барацьбе з праваабаронцай Янай Паляковай суддзя выпісаў, за кошт апошняй, прэмію ў мільён рублёў (называецца гэтая прэмія -- кампенсацыя маральнай шкоды). І сапраўды, хваляваўся жа гэты супрацоўнік Салігорскага РАУС. Таму што мог і пад крымінальны артыкул патрапіць. Калі б, вядома, у Беларусі былі іншы суд і іншае следства.

Дарэчы, Яна Палякова абскарджваць вынесены палітычны прысуд не збіралася. Яна лічыла, што Менскі абласны суд абуральнага парушэння працэсуальнага закона ў дадзеным прысудзе не ўбачыць.

Напісаць каментар 279

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках